
Лідар міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч этапаваны ў Віцебскі следчы ізалятар № 2, паведаміла БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка.
Паводле яе слоў, пасля прыгавору Глыбоцкага раённага суда, які 28 жніўня на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі № 13 Глыбокага (Віцебская вобласць) прызнаў Дашкевіча вінаватым у “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (частка 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі, Дзмітрый павінен быць этапаваны ў іншую калонію. “Гэта звычайная практыка”, — сказала Палажанка.
Яна таксама паведаміла, што 3 верасня, напярэдадні этапу, Дашкевіча наведаў адвакат. “Ні пра што асаблівае яны не размаўлялі, развіталіся з Глыбокім, абмеркавалі бытавыя пытанні. Гэта своеасаблівая падтрымка перад этапам, — зазначыла Палажанка. — Этап — самае дрэннае ў жыцці зняволенага. Апошні этап у Віцебскае СІЗА для Саннікава і Дашкевіча быў сапраўдным катаваннем”.
Пісаць Дашкевічу зараз трэба на адрас: 210026 Віцебск, вул. Гагарына, 2, СІЗА-2. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.
У глыбоцкай калоніі Дашкевіч адбываў пакаранне па крымінальнай справе, распачатай у канцы 2010 года. Напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта Беларусі, 18 снежня 2010 года, Дашкевіча і яго таварыша па “Маладым фронце” Эдуарда Лобава затрымалі ў Мінску па абвінавачанні ў збіванні двух мужчын. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі арышт Дашкевіча і Лобава, прыгаворанага да 4 гадоў пазбаўлення волі, як прэвентыўную меру па зачыстцы актывістаў апазіцыі напярэдадні выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі зняволенымі.
Другая крымінальная справа ў дачыненні да лідара “Маладога фронту” праваабаронцы разглядаюць як меру націску на апазіцыянера, які катэгарычна не прызнае сваёй віны і неаднаразова адмаўляўся падаваць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Вызвалення Дзмітрыя Дашкевіча неаднаразова патрабавалі еўрапейскія структуры.
belapan.com