
Адвакат палітзняволенага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі накіраваў наглядную скаргу ў Вярхоўны Суд Беларусі.
Сяргей Каваленка вядомы тым, што ўзняў бела-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. За гэта ён быў пакараны абмежаваннем волі. І нібыта за парушэнне гэтага пакарання быў паўторна асуджаны на 2 гады і 1 месяц зняволення. Зараз ён знаходзіцца ў калоніі №19 Магілёва. Па словах жонкі палітзняволенага Алены Каваленкі, спадзяванняў на тое, што беларускае правасуддзе стане на бок праўды, няма:
– Адвакат Сяргея накіраваў апошнюю надзорную скаргу ў Вярхоўны суд. Гэта апошняя інстанцыя, якую нам засталося прайсці ў межах краіны, каб пасля можна было выйсці на міжнародныя інстытуты. Спадзяванняў у мяне на гэта ніякіх няма, але праз гэта трэба прайсці. З часу апошняга нашага з дзецьмі спаткання з Сяргеем ніякіх навінаў ад яго няма, я не атрымлівала ні лістоў, ні званкоў. Я вельмі турбуюся. Можа, ён трапіў у карцар ці яшчэ што-небудзь здарылася, бо здароўе яго мяне вельмі непакоіць.
Пасля арышту 19 снежня 2011 года Сяргей Каваленка правёў беспрэцэдэнтна працяглую галадоўку, з якой быў выведзены прымусова. Страціў амаль палову вагі. Яго жыццё было пад пагрозай. “Наступствы галадоўкі для яго здароўя даюць пра сябе ведаць і зараз,” – кажа Алена Каваленка.
racyja.eu