
6 жніўня маці Антона сустракалася з адвакатам сына, але ніякай новай інфармацыі пра яго не атрымала – ні пра статус, ні пра следчыя дзеянні з яго ўдзелам.
У сераду бацькі прывязуць Антону ў СІЗА першую ў гэтым месяцы перадачу. Маці не выключае, што ў той жа дзень звернецца да следчага ад свайго імя – па афіцыйную інфармацыю пра статус сына.
Антон па-ранейшаму застаецца ў СІЗА КДБ у не абвешчаным афіцыйна статусе. Хаця юрысты кажуць, што з логікі паводзінаў следства вынікае – яму прад’яўлена абвінавачанне.
Нагадаем, што Антона затрымалі ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 371 ч.3 КК РБ – незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы РБ, здзейсненае арганізаванай групай асобаў. Антона падазраюць (а хутчэй за ўсё, ужо абвінавачваюць) у спрыянні гэтым злачынным дзеянням (арт. 16 КК РБ), грунтуючыся на размешчаных ім у інтэрнэце эксклюзіўных фота “шведскіх мядзведзікаў”.
У пятніцу маці фатографа адкрыла рахунак для збору ахвяраванняў у падтрымку сына. Таксама на мінулым тыдні ГА “БАЖ” афіцыйна звярнуўлася да Спецдакладчыка ААН па пытанні заахвочвання і абароны права на свабоду меркаванняў і іх выражэння з просьбай адрэагаваць на факт затрымання журналіста. А яшчэ раней, 25 ліпеня, журналісцкая арганізацыя накіравала зварот да старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава, запатрабаваўшы неадкладна вызваліць з СІЗА Антона Сурапіна і спыніць яго крымінальны пераслед.
baj.by