
Беларускія праваабаронцы перадалі ў Адміністарцыю Аляксандра Лукашэнкі петыцыю, у якой патрабуць вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх вязняў сумлення. Прадстаўнікі асноўных праваабарончых арганізацый Беларусі ў кашулях з надпісам “Свабоду Бяляцкаму!” прайшлі ад скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Па словах аднаго з кіраўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна” Таццяны Равякі, зварот прымеркаваны да гадавіны арышту Алеся Бяляцкага, а таксама да дня салідарнасці з палітзняволенымі.
– Мы звяртаемся да Лукашэнкі з патрабаваннем вызвалення Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў. Нагадваем пра тыя складаныя ўмовы, у якіх вымушаны працаваць праваабаронцы і ўвогуле прадстаўнікі ўсёй грамадзянскай супольнасці і патрабуем, каб гэтая сітуацыя змянілася. Каб і праваабаронцы, і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый маглі працаваць у нармальных умовах, не баючыся арыштаў і розных рэпрэсій.
Петыцыю ў Адміністрацыю перадалі асабіста Таццяна Равяка і старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак. Дакумент быў прыняты і зарэгістраваны.
У гэтым імправізаваным шэсці да Адміністрацыі прымалі ўдзел лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Цэнтра правоў чалавека Раіса Міхайлоўская, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, сташыня Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч і іншыя.
* * *
Словы салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, асабліва з Алесем Бяляцкім, выказаў для нашага радыё еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі, які ініцыяваў збор подпісаў для вылучэння праваабаронцы да ўзнагароды Андрэя Сахарава:
– Захапляемся яго адвагай, яго барацьбой за правы чалавека. Еўрапейскі параламент памятае і не забудзе пра яго. Свету, Еўропе і Беларусі будзем напамінаць пра Алеся і рабіць усё магчымае, каб ён выйшаў на волю.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да калегаў, прадстаўнікоў міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый з заклікам правесці ў гэты дзень акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім – старшынёй Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), які быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за актыўню праваабарончую дзейнасць.
racyja.eu