Былы палітвязень Малчанаў асуджаны на 1,5 года калоніі строгага рэжыму

У Жодзіне вынесены прысуд Аляксандру Малчанаву (суддзя Іван Грыневіч, абвінаваўца — старшы памочнік пракурора Жодзіна Цінцявіцкая) — 1 год 6 месяцаў строгага рэжыму, Арцёму Ігнацікаву — 1 год 6 месяцаў з адтэрміноўкай выкананьня выраку на 1 год.

Малчанава і Ігнацікава вінавацілі ў крадзяжы 400 кг металалому з тэрыторыі жодзінскага кавальскага заводу цяжкіх штамповак.

Адвакат Малчанава Альбіна Дрыга заявіла, што будзе абскарджваць прысуд, бо лічыць яго жорсткім і несправядлівы. Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачвання ад каментароў адмовілася, паведамляе Радыё Свабода.

Аляксандр Малчанаў быў асуджаны па справе 19 снежня на 3 гады калоніі. Вызвалены ў верасні загадам Лукашэнкі. Прашэнне аб памілаванні не падпісаў. Пасля вызвалення ён нейкі час правёў у ІЧУ Барысава — яго падазравалі ў абразе дзяржаўнага сцяга: 26 кастрычніка 2010 года ў цэнтры Барысава былі залітыя фарбай. Крымінальную справу спачатку спынілі праз адсутнасць доказаў, а затым зноў аднавілі. На свабодзе ён не мог уладкавацца на працу — яго не хацелі нікуды браць.

«Я хачу заявіць, што абвінавачванне неабгрунтаванае і несправядлівае, — сказаў Малчанаў у апошнім слове. Мы збіралі нічыйныя прадметы. Шмат сведкаў пацвердзіла, што і раней на тэрыторыі цэху людзі збіралі металалом. І служба аховы нікога не затрымлівала. Пра тое, што металічныя адкіды, з’яўляюцца абсталяваннем прадпрыемства, у часе следства даказана не было. Таму прадметы, у крадзяжы якіх нас абвінавачваюць, з’яўляюцца смеццем. (…) Акрамя гэтага, прапануючы пазбавіць мяне свабоды, дзяржаўны абвінаваўца не ўлічыў, што калі мне прызначаць пазбаўленне волі, мае непрацаздольныя бацькі застануцца без апекі”.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Натальля Радзіна
  • Алесь Бяляцкі
  • Аляксей Янушэўскі
  • Андрэй Гайдукоў