З-за галадоўкі ў арганізме Сяргея Каваленкі пачаліся незваротныя працэсы

У актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ з Віцебска Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку, пачаліся незваротныя працэсы ў арганізме, паведаміла БелаПАН яго жонка Алена.

Паводле яе слоў, 29 сакавіка з Сяргеем сустрэўся адвакат. “Мне адвакат паведаміў, што Сяргею зрабілі адну ачышчальную клізму, і яго вага адразу ўпала з 49 да 45 кілаграмаў. Акрамя таго, у яго пачаліся незваротныя працэсы ў печані, нырках і страўніку. Сяргей сказаў адвакату, што любога іншага зняволенага ўжо б павезлі на хуткай дапамозе ў грамадзянскую бальніцу, аднак да яго ніякіх мер медыцынскага характару не прымяняюць. Мабыць, чакаюць, пакуль суд прыме рашэнне аб прымусовым кармленні”, — сказала Алена Каваленка.

Зараз жонка палітыка знаходзіцца ў калоніі “Віцьба-3”, у аддзяленні рэспубліканскай бальніцы, дзе ўтрымліваецца Сяргей Каваленка. “Я чакаю сустрэчы з урачом, які назірае за Каваленкам, і буду патрабаваць перавезці яго на хуткай дапамозе у грамадзянскую бальніцу, дзе яму акажуць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу”, — заявіла Алена.

Сёння яна накіравала на імя пракурора Віцебскай вобласці і іншых службовых асоб скаргу з заклікам тэрмінова аказаць яе мужу неабходную медыцынскую дапамогу і з папярэджаннем аб адказнасці за неаказанне дапамогі.

24 лютага суд Першамайскага раёна Віцебска прыгаварыў Сяргея Каваленку да двух гадоў аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, якое вынес яму ў маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. З 19 снежня мінулага года Каваленка знаходзіцца ў зняволенні.

У знак пратэсту ён аб’явіў галадоўку, падчас якой страціў амаль 40 кілаграмаў. У канцы лютага Каваленку па стане здароўя перавялі з Віцебска ў рэспубліканскую турэмную бальніцу ў Мінску. З 16 сакавіка яму прымусова ставілі кропельніцы. Выходзіць з галадоўкі добраахвотна Каваленка адмаўляецца, пратэстуючы такім чынам супраць прыгавору. У калонію “Віцьба-3” яго адправілі 26 сакавіка.

Касацыйная скарга Сяргея Каваленкі павінна быць разгледжана ў Віцебскім абласным судзе 10 красавіка.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кацярына Садоўская
  • Анатоль Шумчанка
  • Яўген Скочка
  • Віталь Рымашэўскі
  • Аляксандар Квяткевіч