Амерыканская асацыяцыя юрыстаў прадставіла экспертнае заключэнне па справе Алеся Бяляцкага. Заключэнне амерыканскіх юрыстаў прадстаўлена ў якасці аб’ектыўнай, юрыдычна абгрунтаванай і праўдзівай экспертнай заявы на падставе матэрыялаў справы і ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права.
“Копію дакумента маем намер перадаць у Мінскі гарадскі суд, дзе будзе разглядацца касацыйная скарга на прысуд Алесю Бяляцкаму,”- кажа намеснік старшыні Праваабарончага Цэнтра « Вясна» Валянцін Стэфановіч:
– У прынцыпе, ідэя была ў тым, каб дакумент быў далучаны да касацыйных скаргаў Алеся і яго абаронцы. Але суд, фармальна кажучы, можа не разглядаць гэта ў прынцыпе. Паколькі яны не ўдзельнікі крымінальнага працэсу. Але для нас важна, што зроблена такая экспертная ацэнка вельмі паважанымі і ўплывовымі юрыстамі. Менавіта з улікам міжнародных норм права ў галіне свабоды асацыяцый і правоў чалавека. Таму ў любым выпадку гэта праца для нас з’яўляецца даволі сур’ёзнай.
Паводле Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў, абвінавачванне Алесю Бяляцкаму з’яўляецца вынікам незаконнага распараджэння па ліквідацыі яго арганізацыі па абароне правоў чалавека “Вясна”. Вынесены яму прысуд парушае яго права на свабоду аб’яднанняў у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаным Рэспублікай Беларусь, і таму падлягае адмене, як адзначаюць амерыканскія юрысты.
racyja.com