
У судзе над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» абвешчаны перапынак да 16-га лістапада. Пра перапынак папрасіў пракурор Валеры Сайкоўскі . Ён папярэдзіў, што новае абвінавачваньне будзе “істотна адрозьнівацца да папярэдняга”.
Прадстаўнікі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не выключаюць, што новае абвінавачаньне Бяляцкаму будзе зьвязанае з артыкулам пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Яны аргумэнтуюць свае здагадкі тым, што Бяляцкі не хавае, што праца “Вясны” працягваецца пасьля таго, як яе закрылі.
Праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што пракурор мае права папрасіць перапынку, каб выставіць новае абвінавачаньне. Гэта сьведчыць пра тое, што папярэдняе абвінавачаньне не знайшло пацьверджаньня ў судзе. Гэта значыць, што фактаў незаконнага ўтойваньня прыбыткаў на тэрыторыі Беларусі не было, кажа Паганяйла. Ён не выключае, што справа “можа быць перафарматаваная” на мякчэйшы артыкул, не зьвязаны з пазбаўленьнем волі — дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паганяйла таксама адзначае, што калі будзе выстаўленае новае абвінавачаньне, абароне спатрэбіцца час, каб азнаёміцца зь ім. Абарона таксама папросіць мінімум 5 дзён перапынку.
Былы адвакат Павал Сапелка кажа: звычайна, калі пракурор хоча зьмякчыць пакараньне, ён адмаўляецца ад нейкіх пунктаў абвінавачаньня ў часе працэсу і ня просіць перапынку. Сапелка не выключае, што Бяляцкаму выставяць новыя абвінавачаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
svaboda.org