
Зняволены старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі рыхтуецца да судовага працэсу.
Адначасова ён выступае з ініцыятывай аб перакладзе Крымінальнага Кодэкса на беларускую мову. Пра гэта праваабаронца паведаміў у адным са сваіх лістоў калегу Уладзіміру Лабковічу.
«Я звярнуўся ў «палату прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу», у Вярхоўны Суд, і ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў з заявамі аб тым, што парушаюцца мае права ў працэсе падрыхтоўкі да судовага працэсу і падчас будучага суду, паколькі ў Беларусі не існуе ні Крымінальнага, ні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса на беларускай мове», – паведамляе з-за кратаў Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца просіць як мага хутчэй разгледзець гэтае пытанне, а ў якасці аргументаў спасылаецца на адпаведныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі, Закон аб мове і прынцып двухмоўя ў Беларусі.
«Фактычна, – перакананы праваабаронца, – парушаецца маё права на абарону, паколькі падчас працэсу трэба ў галаве займацца самапальным перакладам юрыдычных цермінаў».
Пасля доўгага перапынку і абвяшчэння ў СМІ факту ізаляцыі праваабаронца Бяляцкага ад ліставання з роднымі і сябрамі, ягоныя лісты ізноў пачалі даходзіць да адрасатаў.
charter97.org