Былы палітвязень Юрый Рубцоў атрымаў у Германіі нямецкі пашпарт і зараз вучыцца ў школе

Спачатку жыхару Гомеля было адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулку, але зараз ён мае статус, які практычна нічым не адрозніваецца ад статуса грамадзяніна Германіі.

“Вывучаю нямецкую мову, паставілі ў чаргу на жыллё”, распавёў Юрый Рубцоў сайту palitviazni.info.


Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.

3 студзеня гэтага году нямецкі суд разглядзеў апеляцыю гамяльчаніна і дазволіў яму застацца ў Германіі на тры гады.

“Нямецкі пашпарт тэрмінам на 3 гады атрымаў 29 ліпеня, – кажа Юрый Рубцоў. – Зараз я наведваю заняткі па вывучэнні нямецкай мовы, у школе вучымся з 8.30 раніцы да 12.45. У дадатак да гэтага даюць дамашнія заданні, так што вольнага часу практычна не застаецца”.

Былы палітвязень распавядае, што 12 чэрвеня яго паставілі ў чаргу на атрыманне кватэры.

“Ужо была адна прапанова, але кватэра дасталася не мне, – працягвае суразмоўца. – Кватэрнае пытанне наогул складанае, бо я абмежаваны сумай у 560 еўра за арэнду кватэры і 120 еўра на яе ацяпленне. У такім цэнавым сегменце вельмі мала прапаноў. Да таго ж, кошт жылля ў Германіі значна павялічыўся з-за мноства бежанцаў з Сірыі”.

Са слоў Юрыя Рубцова, вывучаць нямецкую мову ён будзе да Новага года.

“Пасля будзе экзамен, – дадае ён. – Калі не здам яго, то мяне ізноў накіруюць на вучобу, яшчэ на тры месяцы. І толькі пасля здачы экзамена будзе вырашацца пытанне аб маім працаўладкаванні”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юлія Чыгір
  • Кастусь Лукашоў
  • Зьміцер Даронін
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Андрэй Рамашэўскі