Юрый Рубцоў: Мне могуць і не даць палітычны прытулак

Як жывуць за мяжой беларусы, якія вымушаны былі пакінуць сваю краіну з-за палітычнага пераследу?

Былы палітвязень Юрый Рубцоў распавядае сайту palitviazni.info пра тое, чым адрозніваецца жыццё ў Германіі і Беларусі.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага прыняў рашэнне папрасіць палітычны прытулак у Германіі.

– Я па-ранейшаму нічога не ведаю адносна свайго далейшага лёсу, – кажа Юрый Рубцоў. — Могуць і не даць палітычны прытулак, бо вельмі многім знаёмым у апошні час сталі прыходзіць адмовы ў прадастаўленні прытулку. Гэта датычыцца грамадзян практычна ўсіх краін, за выключэннем Сірыі. У  гатэлі, дзе я жыву, знаходзяцца яшчэ 18 сем’яў. Пяці з іх даслалі адмовы.

– Якая дапамога зараз аказваецца вам?

– Я ўражаны тым аб’ёмам дапамогі, якая прадастаўляецца тым, хто папрасіў палітычны прытулак у Германіі. Гэта і жыллё, і аплата камунальных паслуг за кошт мясцовага бюджэта. У дадатак – штомесячная грашовая дапамога і бясплатнае медыцынскае асблугоўванне.

– Як вам увогуле краіна?

– Я скажу так – вось з каго варта браць прыклад! Пастаянна нешта будуецца, раніцай ідзеш па вуліцы – ужо стаіць новы вежавы кран… Дарэчы, розніца паміж беларускімі кранамі і нямецкімі ў тым, што для апошніх не пракладваюцца рэйкі.

Цікава зроблена і ліўневая каналізацыя ў нямецкіх гарадах. Тут немагчыма ўбачыць, каб з даху лілася вада. Практычна ля кожнага дома праходзіць каналізацыя, і вада трапляе адразу туды. І ўжо ўнутры гэтай каналізацыі маецца зборнік рознага смецця. Такім чынам, там ніколі няма праблем з тым, што гэтую сістэму трэба пастаянна чысціць. Зрэдку прызджае спецыяльная машына, якая і збірае з фільтраў смецце і пясок. Адным словам, людзі ўмеюць працаваць.

– Кажуць, што немцы не толькі пунктуальныя, але і эканомныя…

– Адназначна. Ля буйных магазінаў звычайна знаходзяцца чатыры вялікія скрыні – тры для шкла (бутэлек белага, бурага і зялёнага колераў) і адна скрыня для адзення і абутку, якія ўжо не патрэбны мясцовым жыхарам. Збор макулатуры таксама не такі, як у Беларусі. Фірма, якая займаецца зборам, таксама ставіць для жыхароў скрыні. У сінія складваецца папера, у жоўтыя – упакоўкі. І ў кожнага жыхара ёсць чорная скрыня, куды можна пакласці харчовыя астаткі.

Нярэдка на вуліцах можна ўбачыць старую мэблю, ад якой мясцовыя жыхары пазбаўляюцца, калі купляюць новую. Таму калі ў некага ёсць жаданне, ён можа спакойна ўзяць яе. Але ёсць і буйныя пункты прыёма непатрэбных рэчаў. Гэта ўсё бясплатна, але трэба самому адсарціраваць і раскласці рэчы. Затым гэта ўсё перапрацоўваецца.

– Што можаце сказаць пра сістэму адукацыі ў Германіі?

– У школах заняткі пачынаюцца ў 8 гадзін раніцы, а паміж урокамі даволі працяглыя перапынкі. Дзіцячыя садкі таксама адрозніваюцца тым, што ў групах невялікая колькасць дзяцей. Увогуле, садкоў пабудавана шмат, і тут няма тыпавых пабудоваў, як у Беларусі. Кожны такі дзіцячы сад – адрозны ад іншага па пабудове. Але самае цікавае, што ў садках дзяцей не кормяць, а ежу ім прыносяць бацькі самі. А вось за прагул дзіцячага садка ці школы на бацькоў накладваюцца даволі вялікія штрафы. Калі і можна вызваліцца ад наведвання, то толькі па рэкамендаціі ўрача.

Што датычыцца медыцынскага абслугоўвання, то сітэма таксама адпрацавана і працуе, як гадзіннік. Як такіх паліклінік няма. Здымаецца, напрыклад, трохпакаёвая кватэра, дзе ўстанаўліваецца медыцынскае абсаляванне. Напрыклад, калі я пайшоў да ўрача, то за адзін прыём у мяне ўзялі аналіз крыві і зрабілі УЗІ ўнутраных органаў. Але, натуральна, ёсць і спецыялізаваныя медыцынскія цэнтры.

– Ці цікавяцца нямецкія грамадзяне тым, што адбываецца ў нашай краіне?

– Шчыра кажучы, многія немцы наогул не вельмі добра разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Гэта зусім іншая краіна са сваім успрыняццем логікі. Для грамадзяніна Германіі закон – гэта закон. Яны не могуць зразумець, што заканадаўчыя акты могуць быць абсурднымі. У іх разуменні такога не можа быць ніколі. Таму, калі я распавядаю пра Дэкрэт аб дармаедах, які прынялі ў Беларусі, немцы думаюць, што я іх падманваю.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Рыгор Кійко
  • Яўген Васьковіч
  • Аляксандар Казулін