У чэрвені былы беларускі палітвязень Юрый Рубцоў атрымае ў Германіі нямецкі пашпарт

Спачатку жыхару Гомеля было адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулку, але ўжо ў бліжэйшы час ён атрымае нямецкі пашпарт.

“Новы статус, які я маю зараз, практычна нічым не адрознівацца ад статуса грамадзян Германіі”, – распавёў Юрый Рубцоў сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.

3 студзеня гэтага году нямецкі суд разглядзеў апеляцыю гамяльчаніна і дазволіў яму застацца ў Германіі на тры гады.

“Новы статус я атрымаў 6 мая, а 8 мая выдалі часовы дакумент, — кажа Юрый Рубцоў. — Але ўжо на 24 чэрвеня запланавана атрыманне нямецкага пашпарта, які дазволіць мне свабодна ездзіць па ўсёй Еўропе. Зараз мой статус практычна нічым не адрозніваецца ад статуса грамадзян Германіі”.

Суразмоўца кажа, што цяпер ён часова не працуе, бо ў сувязі са зменай статуса яго не могуць браць на працу на тых умовах, на якіх ён працаваў раней.

“Мяне паставілі на ўлік у Джобцэнтр (цэнтр па працаўладкаванні), таму чакаю ад іх указанняў, што рабіць далей, – тлумачыць Юрый Рубцоў. – Наколькі вядома, абавяжуць прайсці інтэграцыйныя курсы, знайсці работу і жыллё. Колькі гэта зойме часу, дакладна невядома.

Раней маё ўтрыманне аплочвалася з кішэні міжнародных арганізацый, а зараз з бюджэта ўрада Германіі. Бюджэтныя грошы тут проста так ніхто плаціць не будзе, таму ўсе выплаты будуць прызначацца зыходзячы з выканання тых ці іншых умоў і задач. У выпадку незадавальняючага выканання сума грашовай дапамогі змяншаецца на пэўны працэнт”.

“Я ўжо з мая замацаваны за Джобцэнтрам, хаця дапамогі яшчэ не атрымліваў, – дадае Юрый Рубцоў. – А вось ліст з пагрозай зменшыць грашовую дапамогу ўжо даслалі з-за таго, што своечасова не былі прадастаўлены неабходныя дакументы. Праўда, атрымалася гэта не па маёй віне, таму тэрмін падачы дакументаў для мяне павялічылі. Бюракратыі ў Германіі не менш, чым у Беларусі”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Гумінскі
  • Кацярына Садоўская
  • Мікіта Емельянаў
  • Аляксандар Малчанаў
  • Уладзімір Кондрусь