Павел Севярынец: Тактыка ўладаў: крок наперад і два крокі назад

Былы палітвязень Павел Севярынец распавёў palitviazni.info пра тое, як улады узаконілі рэпрэсіі ў дачыненні да арганізатараў масавых мерапрыемстваў, і чаму гэта мае выключна палітычны падтэкст.

“Дакумент у першую чаргу накіраваны супраць апанентаў перад палітычнымі кампаніямі”, – кажа палітык.

Нагадаем, што 24 студзеня Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў».

Закон дзейнічае і ўжо з’явіліся першыя ахвяры. У крсавіку асудзілі арганізатараў Дня волі ў Мінску за адмову аплаты аказаных паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас мітынгу і канцэрту на Дзень волі. Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў і Мікалай Казлоў атрымалі штрафы ў памеры 30 базавых велічынь.

Тым часам, 20 мая Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымала адказ міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігара Шуневіча адносна аплатаў за паслугі спецыяльных службаў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, паведамляе catholic.by.

У адказе сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы, хаця ўдакладняецца, што гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, прадастаўленых рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэнні выканаўчых і распарадчых органаў улады.

“Тое, што дазволілі праводзіць рэлігійныя мерапрыемствы без аніякіх збораў, а за палітычныя акцыі трэба плаціць, гэта такая тактыка ўладаў пад назвай: крок наперад, два крокі назад, – кажа Павел Севярынец. – Спачатку прынялі абмежаванні для ўсіх, а затым выбралі тых, каго яны не будуць тычыцца да той пары, пакуль не прыйдзе час закруціць гайкі. А таксама гэта яшчэ і спроба сутыкнуць ілбамі вернікаў і няверуючых. Маўляў, для адных зробім выключэнне, і тады другія перасварацца з першымі”.

Са слоў палітыка, такім чынам вышэйзгаданая пастанова – гэта спроба садраць грошы з палітычнай апазіцыі і згуляць у брудныя гульні на падзел у грамадстве.

“Таму пастанову трэба адмяняць цалкам, каб людзі мелі права на мірны пратэст і выражэнне сваёй веры, – дадае палітык. – Дакумент у першую чаргу накіраваны супраць апанентаў перад палітычнымі кампаніямі, такім чынам узаконілі рэпрэсіі ў дачыненні да арганізатараў масавых мерапрыемстваў”.

Павел Севярынец адзначае, што “калі людзі будуць гатовы праводзіць акцыя, то яны пройдуць у тым парадку, які ўстаноўлены ўладамі”.

“Але, мяркую, калі нехта вырашыў выйсці з пратэстам, то ні ў каго дазволу і пытаць не будзе, – дадае ён. – І калі ўлады будуць закрываць кацёл, які закіпае, то рана ці позна, але ён выбухне”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Корсак
  • Яна Палякова
  • Аляксей Бондар
  • Ігар Аліневіч
  • Кацярына Салаўёва