Да раніцы 30 сакавіка былому палітвязню Зміцеру Паліенку альбо будзе прад’яўлена абвінавачванне, альбо яго выпусцяць на волю.
“Тым часам, ідзе ўскосны ціск на сведак, якія праходзяць па справе Зміцера”, – распавёў сайту palitviazni.info яго паплечнік Вячаслаў Касінераў.
Нагадаем, што 20 сакавіка ў Мінску каля дзясятай гадзіны раніцы ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 КК РБ (“Асабліва злоснае хуліганства”), паведамляе spring96.org.
У актывіста канфіскавалі ўсю тэхніку (кампутар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д.
Па версіі следства, жыхар дома заўважыў на лесвічнай пляцоўцы незнаёмага хлопца, той паліў. На заўвагу Паліенка быццам бы пырснуў у твар з газавага балончыка. Зараз Зміцер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання і чакае, якім чынам далей будзе развівацца справа. Вядома, што Паліенка пакуль затрыманы на 10 сутак.
“Да раніцы 30 сакавіка Зміцеру павінны альбо прад’явіць абвінавачванне, альбо адпусціць на волю, – кажа Вячаслаў Касінераў. – У той жа час стала вядома, што машыны без нумароў пад’язджаюць да сведак, якія фігуруюць у справе Зміцера Паліенкі, на іх ідзе своеасаблівы ціск. Да людзей пад’язджаюць машыны без нумароў і прапаноўваць “паразмаўляць у аўтамабілі”. Сведкі, натуральна, не пагаджаюцца, бо гэта больш нагадвае бандытызм”.
Са слоў Касінерава, жыхары пад’езда, дзе адбыўся інцыдэнт, бачаць, што зараз міліцыянеры праводзяць нейкія следчыя дзеянні з быццам бы пацярпелым.
“Не выключаю, што яму могуць падказваць, што казаць і як сябе паводзіць, – мяркуе суразмоўца. – Да таго ж, адвакат Зміцера Паліенка сцвярджае, што і самі следчыя бачаць: справа максімум цягне на адміністратыўны артыкул. Але ўсім зразумела, што да “палітычных” ва ўладаў асаблівае стаўленне, і ўся гэтая справа – нейкія незразумелыя загады зверху. Хаця і незразумела, адкуль канкрэтна ідуць такія загады”.
Вячаслаў Касінераў дадае, што з 24 сакавіка Зміцер Паліенка трымае галадоўку.
“Зміцер – прынцыповы хлопец, і пакуль не выканаюць яго патрабаванні, будзе галадаць, – адзначае Вячаслаў Касінераў. – І ў гэтай сувязі мы перажываем за задроўе і жыццё Зміцера”.
palitviazni.info
Фота: spring96.org