Павел Севярынец: Будзем стаяць у Курапатах да перамогі

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра важныя вынікі, якія ўдалося дасягнуць за паўгода абаронцам Курапат.

 “Мы і зімой будзем стаяць кожны дзень, – кажа суразмоўца. – Верым, што рэстаран можа быць зачынены”.

Паўгода працягваецца пікетаванне рэстарана “Поедем, поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

Як вядома, пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран пакуль працягвае працу.

– Гэтымі днямі і насамрэч спаўняецца роўна паўгода з таго часу, як мы выйшлі з пратэстамі да рэстарана ў Курапатах, – кажа Павел Севярынец. – Бесперапынная варта пачалася напрыканцы мая гэтага году.

І за гэтыя шэсць месяцаў я назваў бы шэсць важных вынікаў, якія ўдалося дасягнуць абаронцам.

– Што гэта за вынікі?

– Па-першае, гэта народны байкот. Напрыклад, учора за ўвесь дзень працы рэстарана туды заехалі толькі чатыры машыны. Беларусы не едуць у гэтую ўстанову, яна банкрутуецца.

Другі вынік – інфармацыя. У тым ліку, і праз незалежныя СМІ сотні тысяч людзей даведаліся пра Курапаты, нават калі пра іх і не ведалі раней. Альбо абнавілі свае веды пра гэтае месца. Інфармацыйная хваля на гэтую тэму досыць вялікая, ёсць рэзананс.

Трэцяе – змены ў саміх Курапатах. Калі б не было варты, то не было б новых крыжоў, якія зараз стаяць і па перыметры і ўнутры. Не было б варты – не было б і дарожак, якія зараз зроблены. Не было б і гэтага супярэчлівага знака з фактычным прызнаннем дзяржавай фактаў масавых сталінскіх рэпрэсій. Тое, што там стаіць знак, гэта, безумоўна, спрэчная тэма, але ён пастаўлены, і гэта таксама вынік варты.

Чацвёрты вынік – тое, што ў Курапатах адбылося аб’яднанне людзей і палітычных сілаў, якія да гэтага слаба супрацоўнічалі альбо не супрацоўнічалі наогул. Сфарміравалася пэўная курапацкая каманда. Мы палічылі, што за шэсць месяцаў прайшло каля 500 чалавек па мерапрыемствах, якія тут ладзіліся.

Яшчэ адзін вынік , які маем, гэта тое, што Курапаты сталі пляцоўкай для абмеркавання важных пытанняў. У час варты абмяркоўваюцца розныя тэмы, якія не абавязкова звязаны з Курапатамі. Напрыклад, як дапамагчы палітвязням, плануюцца сходы на гэтую тэму, акцыі, якія затым адбываюцца.

І апошні вынік – варта Курапатаў стала тым месцам, дзе свабодна можна стаяць з бел-чырвона-белым сцягам. Любы беларус можа прыйсці і цэлы дзень стаяць пад гэтым сцягам і размаўляць з аднадумцамі.

– Падчас святаў варта таксама будзе стаяць?

– Так, і мы нават рыхтуем на святы ўзмоцненую варту, а таму заклікаем усіх жадаючых нас падтрымаць. Гэта будзе тычыцца і каталіцкага, і праваслаўнага Ражства, а таксама навагодніх мерапрыемстваў.

У гэтыя дні будзем запрашаць да рэстарана больш людзей. Акрамя таго, звяртаемся да ўсіх, хто збіраецца праводзіць карпаратывы ў гэтым рэстаране з заклікам не ўдзельнічаць у мерапрыемствах. Бо весяліцца на свята ў Курапатах – гэта пляма на ўсё жыццё.

– Як у апошні час складваюцца стасункі абаронцаў Курапатаў з праваахоўнымі органамі?

– За паўгода мы ўжо выпрацавалі пэўны алгарытм дзеянняў. Не абыходзіцца і зараз без складання пратаколаў, але іх стала значна менш, чым раней. І міліцыя пачынае разумець, што тут, як мінімум неадназначная сітуацыя нават з пункта погляду заканадаўства.

Вядома, ёсць вялізная колькасць пратаколаў, якія выпісалі супрацоўнікі ДАІ, летам і восенню абаронцаў неаднаразова адпраўлялі на “суткі”, іх штрафавалі. Але людзі гэта вытрымліваюць і стаяць на варце.

– І зімой абаронцы не збіраюцца пакідаць яе?

– Мы будзем стаяць кожны дзень. Бярэм з сабой гарачую гарбату, цёпла апранаемся, ёсць машына, дзе можна пагрэцца. Прынята рашэнне стаяць да перамогі. Верым, што рэстаран можа быць зачынены.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Зьміцер Бандарэнка
  • Кацярына Садоўская
  • Віктар Івашкевіч
  • Мікіта Емельянаў