Павел Севярынец: Варта ў Курапатах будзе працягвацца

Былы палітвязень Павел Севярынец, які прымае актыўны ўдзел у абароне Купатаў, распавёў сайту palitviazni.info пра сустрэчу з чыноўнікам Міністэрства культуры і пра змаганне супраць рэстарана за 50 метраў ад месца пахавання дзясяткаў тысячаў забітых у час сталінскіх рэпрэсій.

“У чыноўнікаў былі ўсе магчымасці вырашыць сітуацыю ў Курапатах. Інструментарыі ў іх ёсць, але, як аказалася, няма жадання і палітычнай волі”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што дэмакратычныя актывісты працягваюць несці варту ў Курапатах, пратэстуючы супраць працы рэстарана “Паедзем паядзім” паблізу месца расстрэлаў ахвяр камуністычнага рэжыму.

Акрамя таго, напрыканцы мінулага тыдня ў Генпракуратуру, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Мінаблвыканкам, Мінрайвыканкам перададзены калектыўныя звароты з патрабаваннем зачыніць ці перанесці рэстаран у іншае месца. Адзіночныя звароты перададзены таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта. Зараз у чыноўнікаў ёсць 30 дзён, каб на іх адказаць.

Таксама ў офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў быў прыняты яшчэ адзін зварот у абарону Курапатаў, які адрасаваны кіраўнікам дзяржаў, што прыедуць у Беларусь на адкрыццё мемарыяла ў Трасцянцы. Чакаецца, што 29 чэрвеня нашу краіну наведаюць у тым ліку дэлегацыі з Германіі і Аўстрыі. Сам зварот да лідараў гэтых краін падпісалі прадстаўнікі палітычных партый і творчых саюзаў краіны.

А 20 чэрвеня ў Міністэрстве культуры адбылася сустрэча з абаронцамі Курапат, падчас якой абмяркоўвалася сітуацыя з адкрыццём рэстарана за 50 метраў ад месца пахавання дзясяткаў тысячаў забітых у час сталінскіх рэпрэсій.

– Яшчэ ў той час, калі ў Курапатах рыхтаваўся да адкрыцця “Бульбаш-Хол”, мы перадавалі звароты ў тым ліку і з просьбай запрасіць нас на прыём у Міністэрства культуры, – кажа Павел Севярынец. – Зараз і прызначылі сустрэчу з намеснікам міністра культуры Аляксандрам Яцко.

Але, як мне падаецца, чыноўнік проста паставіў сабе “галачку”, што ён паўдзельнічаў у справе Курапатаў. І больш нічога. Там прагучалі дзяжурныя фразы, што мы, маўляў, разглядзім ваш зварот, і, магчыма, калі будзе абгрунтаванне, то можам вярнуцца да старых зонаў, але гэта ўсё была сказана тэарэтычна і туманна. Усё астатняе – бясконцыя спасылкі на нейкія рэгламенты і бюракратычныя працэдуры, паводле якіх Мінкульт нічога не можа зрабіць. Дарэчы, нават прагучала, што кампанія-уласнік рэстарана быццам бы нават і не павінна была ўзгадняць у Міністэрстве культуры свой бізнес-праект. Маўляў, нам усё роўна, што яны пабудуюць у Курапатах.

– З якімі канкрэтнымі пытаннямі вы ішлі да чыноўніка з Міністэрства культуры?

– Мы ішлі са зваротам, у якой была прапанова дамагчыся закрыцця забаўляльнай установы (яе знос альбо перанос). Міністэрства культуры магло б хадайнічаць перад Мінаблвыканкамам альбо Мінгандлем па адкліканні дазволу на дзейнасць рэстарана і ліцэнзіі. Мінкульт дзеля гэтага мог бы сабраць навукова-метадычную раду і звярнуцца да нармальных законных ахоўных зонаў, заказаць навуковае абгрунтаванне.

Адным словам, у чыноўнікаў былі ўсе магчымасці вырашыць сітуацыю ў Курапатах. Інструментарыі ў іх ёсць. Але, як аказалася, няма жадання і палітычнай волі. Чыноўнікі выглядаюць нейкімі разгубленымі і напалоханымі. Магчыма, з-за таго, што гэтае ведамства можа аказацца ў самым цэнтры карупцыйных схем, якія маглі ажыццяўляцца ў 2012 годзе, калі скарацілі ахоўныя межы ў Курапатах і аддалі зямлю бізнесменам пад рэстаран.

– Мяркуеце, што такія схемы маглі прысутнічаць?

– Інвестар атрымаў дадатковыя 0,34 гектара, з якіх 0,31 гектара ўяўлялі сабой «ахоўную зону нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў». Гэта дакладная фармулёўка з падпісанай дамовы. Як такое магло атрымацца? У любым судзе ў нармальнай краіне за гэта б судзілі.

– Якое развіццё падзей чакаеце далей у гэтай сітуацыі?

– Як кажуць, грукайцеся і вам адчыняць. Мы будзем дамагацца прыёму ва ўсіх астатніх установах, якія датычныя Курапатаў – Мінаблвыканкаме, Генпракарутуры, Адміністрацыі прэзідэнта. І, безумоўна, па-ранейшаму будзем трымаць варту ля рэстарана ў Курапатах.

– Стала вядома, што ўладальнікі рэстарана быццам бы спрабавалі падкупіць абаронцаў Курапат, прапаноўвалі ім грошы…

– Гэта было не зусім нечакана. Але пасля такой прапановы мне стала зразумела, як бізнес у некаторых выпадках можа працаваць з чыноўнікамі. Не буду рабіць ніякія высновы, але мы ведаем, у які бок у 2012 годзе павярнулася справа, – ахоўная зона Курапат была зменшана на карысць бізнесменаў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Клімаў
  • Мікола Маркевіч
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Яраслаў Грышчэня
  • Віталь Мацукевіч