Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

Падчас прэзентацыі фотаальбома, прысвечанага падзеям мінулага году, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў пра мінулагоднія рэпрэсіі, палітвязняў і гучныя палітычныя справы.

Пра фотаальбом і турэмную літаратуру

— Ва ўсім новым ёсць частка старога. Калі мы прыдумвалі назву да гэтага фотаальбома, то прыйшла на памяць назва кнігі “Менская вясна-96”. Асацыятыўна нашыя “гарачыя” вёсны адбываюцца практычна штогод. І мінулы год не стаў выключэннем. Праваабарончы цэнтр “Вясна” рыхтуе дастаткова багата аналітычных матэрыялаў, якія больш юрыдычнага плана (штомесячныя агляды, гадавы даклад), але фотаальбом – гэта кніга іншага плану. У ёй адсочаны практычна ўсе асноўныя падзеі, якія адбываліся на працягу 2017 года, і ў выніку атрымалася дастаткова драматычная гісторыя. У кнізе – адчуванне драматычнасці гісторыі ў трагічных лёсах людзей, якія прадстаўлены ў альбоме. І ўсё гэта падмацавана выдатнымі фотаздымкамі.

Дарэчы, мы распачалі таксама серыю “Турэмная літаратура”, і некаторыя кнігі ўжо выйшлі ў свет – творы былых палітвязняў Ігара Аліневіча, Зміцера Дразда, Міколы Дзядка. Зараз рыхтуюцца да друку ўспаміны Алеся Кіркевіча. Думаю, такая літаратура таксама мае права на жыццё і застаецца вельмі актуальнай. Палітычныя зняволеныя паказалі ў сваіх кнігах складанасць і драматычнасць таго часу, у якім мы жывем.

Пра мінулы год і сёняшнія рэпрэсіі

– 2017 год быў дастаткова напружаным. Толькі па падліках праваабаронцаў было больш за 250 адміністрацыйных арыштаў, у той час, як ў 2016 годзе – толькі адзін. Адным словам, улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій. Яны вярнуліся да тых практык, якія былі раней. Натуральна, гэта выклікана масавымі акцыямі, бояззю ўлады згубіць кантроль над грамадствам. І ў той жа час гэта быў сур’ёзны выклік для праваабарончых арганізацый, таму што мы займаліся пацярпелымі людзьмі, аказвалі ім магчымую дапамогу.

Трэба сказаць, што акрамя арыштаў, былі вельмі папулярныя і штрафы. Зафіксаваны 551 выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Агульная сума штрафаў складае больш за 135.000 еўра без уліку журналістаў. Хаця фактычна ўсе акцыі ў мінулым годзе былі мірныя. Мы не зафіксавалі ніводнай акцыі, дзе з боку дэманстрантаў ўжывылася б грубая сіла.

Зрэшты, да гэтага часу працягваецца практыка пераследу грамадскіх актывістаў і, як мы ведаем, зараз, напярэдадні Дня волі, былі ізноў затрыманы і адпраўлены на “суткі” Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў і Максім Вінярскі. Тое самае адбываецца і з пераследам незалежных журналістаў, у гэтым годзе ім вынеслі ўжо дзесяць штрафаў. Калі справа так пойдзе і далей, то па штрафах будзе пабіты нават мінулагодні рэкорд.

Можно сказаць, што прэсінг ідзе і ў дачыненні да праваабаронцаў, таму што мы памятаем, як год таму ў наш офіс уварваўся АМАП, усіх затрымалі. Пераслед адчулі і калегі з іншых гарадоў Беларусі. Людзей затрымліваліся за сваю дзейнасць.

Пра палітвязняў і палітычныя справы

– Апроч адміністрацыйных працэсаў былі ў мінулым годзе і крымінальныя. Мы зафіксавалі 40 асобаў, якія падвергуліся крымінальнаму пераследу за сваю грамадска-палітычную дзейнасць. Гэта найперш гучная “справа патрыётаў”, па якой праходзіла 35 чалавек. І што самае абуральнае – пасля таго, як людзей выпусцілі на волю і такім чынам пацвердзілі, што яны невінаваты, улады нават прабачэння не папрасілі. Я ўжо не кажу пра выплату нейкай кампенсацыі.

Зараз, дарэчы, мы спрабуем дапамагаць тым фігурантам “справы патрыётаў”, якія падаюць іскі ў суд на выплату кампенсацыі за ўтрыманне ў няволі. Нехта страціў працу, хтосьці займеў іншыя праблемы. І пры гэтым улады зрабілі выгляд, як быццам нічога і не было. Пры гэтым самая разынка, мабыць, з аўтаматам, які быццам бы быў у справе, але  затым яго не стало. І куды ён знік? Гэта ж зброя! Як бачым, міфы, якія ствараюцца спецслужбамі у пераследзе грамадскіх актывістаў, сталі рэаліямі нашага жыцця.

Апроч тых людзей, якія падвяргаліся пераследу па “справе патрыётаў”, трэба ўзгадаць і гучную палітычную справу ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП. Ігар Комлік адсядзеў два месяцы ў СІЗА, Генадзь Фядыніч застаецца пад падпіскай аб нявыездзе. Справа не закрыта, яна працягваецца і ў гэтым годзе. Працягнуты следчыя дзеянні, сотні шэраговых сябраў незалежнага прафсаюза па ўсёй Беларусі выклікаюцца на допыты. У гэтым мы, безумоўна, бачым прэсінг у дачыненні да незалежнай арганізацыі. Гэта пэўны сігнал страху, які ўлады распаўсюджваць у адносінах да беларускай грамадзянскай супольнасці з тым, каб перашкодзіць дзейнасці актыўным арганізацыям.

Акрамя таго, варта нагадаць і сумную справу палітвязня Зміцера Паліенкі. У 2016 годзе ён быў асуджаны ўмоўна, але праз год умоўны тэрмін стаў рэальным за яго актыўны ўдзел у мірных акцыях. Усё гэта прывяло да таго, што зараз хлопец знаходзіцца за кратамі, праваабаронцамі ён прызнаны палітычным зняволеным.

Гэта асноўныя вехі мінулага году, якія мы ўзгадалі ў кнізе, але іх было значна больш. Спадзяюся, што дзякуючы выдатнай працы фатографаў, гэтая кніга не будзе сумнай, а яе можна будзе паглядзець і ўсвядоміць масштабы рэпрэсій, якія ўлады ўжываюць у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў.

А мы будзем працягваць сваю дзейнасць, свае інфармацыйныя праекты, маніторыць сітуацыю і расказваць людзям праўду.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кудзінаў
  • Мікіта Емельянаў
  • Іван Шыла
  • Анатоль Шумчанка