Уладзімір Някляеў: Святкаванне 100-годдзя БНР будзе лакмусавай паперкай для ўлады

Былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info пра падрытоўку да святкавання 25 сакавіка 100-годдзя БНР і магчымыя правакацыі.

”З сёняшніх слоў улады яшчэ нічога не вынікае, – кажа палітык. – Шмат разоў былі абяцанкі рознага кшталту, маляваліся праекты ўнутранай згоды, але ўсё гэта пасля скасоўвалася і ізноў пераходзіла да рэжыму рэпрэсій. Святкаванне 100-годдзя БНР будзе лакмусавай паперкай для ўлады”.

26 лютага ў аргкамітэце святкавання 100-годдзя БНР была створаная група з васьмі чалавек для перамоваў у Мінгарвыканкаме аб правядзенні святочнага мітынгу і канцэрту каля Опернага тэатру на 25 сакавіка.

Напярэдадні Мінгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам святкавання 100-годдзя БНР змяніць яго фармат, адклікаць ранейшую заяўку і замест шэсця праз цэнтр гораду правесці мітынг і святочны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Опернага тэатру. Прапанова выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаванняў.

Нагадаем, што 25 сакавіка 2017 году, падчас святкавання Дня волі, адбыўся сілавы разгон удзельнікаў акцыі, каля тысячы чалавек было затрымана.

– Падчас пасяджэння аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР была вялікая дыскусія з нагоды таго, у якім фармаце праводзіць мерапрыемства, – кажа Уладзімір Някляеў. – І мы пачулі два падыходы. Першы – пагадзіцца на тое, што прапаноўвае ўлада. Гэта значыць, правесці канцэрт і мітынг у Купалаўскім скверы альбо ля Опернага тэатра, але адмовіцца ад шэсця. Другі падыход – шэсце павінна заставацца абавязковым складнікам святкавання юбілея БНР. Абедзве прапановы мелі прыблізна аднолькавую колькасць прыхільнікаў.

– А якая асабіста ваша пазіцыя з гэтай нагоды?

– Нам прапанавана яшчэ не канчатковае рашэнне, бо афіцыйна яго пакуль няма. Няма адказа на заяўку, якую мы падавалі. Таму прапанова гарадскіх уладаў – на ўзроўні інфармацыі, далей трэба весці перамовы аб фармаце святкавання Дня волі. Гэтым трэба скарыстацца, і пайсці на перамовы, дзеля чаго, уласна кажучы, і створана перамоўная група, куды я таксама ўвайшоў.

Лічу, што тут трэба не саступаць з пазіцыі неабходнасці шэсця, таму што кампраміс, калі гаворка ідзе менавіта пра яго, – гэта сустрэчныя крокі з двух бакоў. А не тое, што, маўляў, мы даем вам такую магчымасць, і вы хапайце яе, пакуль не позна, а інакш нічога не атрымаеце.

Але я не зусім разумею, чаму ўлады разглядаюць гэтае рашэнне, як быццам у дачыненні да нейкай супрацьлеглай сілы. Вырашаюць даць магчымасць сабрацца ў нейкім месцы нейкай апазіцыйнай супрацьлегласці. Але ж размова ідзе пра нацыянальнае святкаванне той даты, якая вызначыла шмат у чым далейшае развіццё падзей у нашай краіне. У рэшце рэшт, гэта прывяло да сёняшняй незалежнай Беларусі. Гэта агульнае свята незалежнасці! Гэта дата, якая павінна адзначацца на дзяржаўным узроўні. І менавіта з гэтых пазіцый павінна было прымацца рашэнне. Што, дзяржаўныя святы адзначаюцца на сталічных задворках? Безумоўна, не. Дык чаму зараз такое стаўленне? Святкаванне 100-годдзя БНР якраз і магло б стаць той кропкай, дзе мы маглі б прысці да нейкага агульнага пагаднення.

– Многія кажуць, што саступкі уладаў – гэта ўжо невялікая перамога…

– Шмат хто аналізуе прычыны, па якіх улада пайшла насустрач. Бо гэта, відаць, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі такое кампраміснае рашэнне і, як бы крок насустрач. Многія кажуць: гэта звязана з тым, што ў краіне складанае эканамічнае становішча, што тут уключыліся дыпламатычныя рычагі.

Але галоўнае, як мне падаецца, у тым, што гэта наша перамога. Гэта вынік нашых дзеянняў апошніх гадоў. Гэта вынік таго, што ўлада ведае – што б яна не рабіла, колькі б не кідала за краты, але ёсць тыя людзі, якія ў любым выпадку не пойдуць святкаваць нацыянальнае свята на “сабачы выгул”, а адправяцца ў цэнтр горада, каб адсвяткаваць дату годна. Натуральна, уладам трэба будзе з гэтымі людзьмі нешта рабіць. А што ў такім выпадку яны ўмеюць? Толькі біць ды адпраўляць за краты. Але ў сёняшніх варунках гэта ўладам не дапаможа вырашыць эканамічныя і палітычныя праблемы. Суадносна, з нашай пазіцыяй яны павінны лічыцца. І гэтым трэба скарыстацца. Нельга перамогу проста так аддаваць. На перамовах мы будзем старацца ўсё-такі адстаяць магчымасць шэсця у дадатак да канцэрта і мітынга.

Хаця, безумоўна, з сёняшніх слоў улады яшчэ нічога не вынікае. Шмат разоў былі абяцанкі рознага кшталту, маляваліся праекты ўнутранай згоды, але ўсё гэта пасля скасоўвалася і ўсё ізноў пераходзіла да рэжыму рэпрэсій. Але яшчэ раз паўтараю, што святкаванне 100-годдзя БНР будзе лакмусавай паперкай для ўлады. Пабачым, наколькі яна нацыянальная, патрыятычная і беларуская. Усё гэта будзе вызначацца тымі рашэннямі, якія прымуць улады.

– Зыходзячы з таго, што зараз бакі шукаюць пэўны кампраміс, ці можна сказаць, што 25 сакавіка рэпрэсій з боку ўладаў не будзе?
– Я магу сказаць толькі са свайго боку. Мы можам даць нават гарантыйны ліст, што гэтым разам ніякіх пратэстных дзеянняў нават у аздабленні калоны ці траспарантаў не будзе выкарыстана. Для гэтага можна знайсці іншыя магчымасці ў іншыя дні. А на свята мы выйдзем пад святочнымі сцягамі. Нічога іншага не плануем.

– Вам некалькі месяцаў таму “выпісалі” суткі адміністрацыйнага арышту на будучыню, таму могуць адправіць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у любы момант. Ці ёсць верагоднасць, што адбываць пакаранне прыйдзецца менавіта 25 сакавіка?

– Калі ўлады не дазволяць шэсце і будуць адчуваць пагрозу таго, што людзі ўсё адно іх не паслухаюцца, то яны, безумоўна, напярэдадні Дня волі нейтралізуюць лідараў апазіцыі. У тым ліку, і мяне.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Чыгір
  • Наста Дашкевіч
  • Юлія Чыгір
  • Сяргей Каваленка