Павел Севярынец: Улады паказваюць, што ўсялякае іншадумства растопчуць

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавядае сайту palitviazni.info пра ціск на лідараў апазіцыі, еўрапейскую палітыку ў дачыненні да Беларусі і людзей у мантыях, якія выносяць несправядлівыя прысуды.

“У гэтым годзе я правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушэнняў 55 сутак, а за ўвесь час на сутках мне давялося правесці больш за год”, – кажа палітык.

– Ціск, які ідзе апошнім часам на актывістаў у выглядзе пастаянных штрафаў альбо сутак адміністрацыйнага арышту, – гэта адзін з пунктаў так званай “жэстачайшай лібералізацыі”, – кажа Павел Севярынец. – Рэжым досыць дэманстратыўна і для беларускага народа, і для еўрапейцаў прэсуе найбольш актыўных апанентаў улады. Еўрапейцам хочуць паказаць: маўляў, мы будзем парушаць правы чалавека, будзем таптаць дэмакратыю, а вы з гэтым мірыціся. Беларусам паказваюць: колькі б вы не выходзілі на вуліцу пратэставаць, мы вас “адпрацуем” дубінкамі альбо “суткамі”, калі толькі паспрабуеце зрабіць яшчэ адну спробу пратэсту накшталт вясновага.

І думаю, што ў рамках гэтай праграмы ідзе і псіхалагічны ціск, і, напрыклад, абвінавачванні ў закліку да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, як гэта адбылося ў выпадку з Уладзімірам Няклевым. Гэта такі сістэмны псіхалагічны прэс.

– На каго ён разлічаны ў першую чаргу?

– Як ужо казаў, ёсць дзве мэтавыя катэгорыі – беларускі народ і еўрапейцы. Ім усім трэба паказаць, што ўлада будзе паводзіць сябе жорстка, а ўсялякае іншадумства проста растопчуць. І робяць усё гэта нахабна, дэманстратыўна і цынічна.

– Ці стала для вас адбыццё пакарання на сутках нейкім чарговым жыццёвым выпрабаваннем?

– У гэтым годзе я правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушэнняў 55 сутак, а за ўвесь час на сутках мне давялося правесці больш за год, таму бачыў усялякае. Але, калі адбываў пакаранне вясной гэтага году, гэта было нешта надзвычайнае. Там было такое беззаконне і бязмежжа, што  недалёка заставалася і да катаванняў. Камеры з вошамі, маты-пераматы, забіранне асадак… Усё гэта больш нагадвала беларускі варыянт сталінскіх лагераў.

– Тым не менш, зараз менш стала гучных палітычных спраў, калі б іх фігурантам выносілі вялікія турэмныя тэрміны.

– А хіба гэта нармальна, калі па “справе патрыётаў” за краты на некалькі месцаў кінулі некалькі дзесяткаў чалавек? Дзякуй Богу, пакуль няма крымінальных прысудаў, але ж палітычныя зняволеныя ўсё роўна застаюцца ў беларускіх турмах. Зміцер Паліенка, Міхаіл Жамчужны, якога перакідваюць з калоніі ў калонію і прэсуюць, як толькі могуць.

Ёсць шэраг палітычна матываваных спраў, якія таксама вартыя ўвагі. Іншая справа, што гэтыя выпадку менш гучныя і менш раскручаныя, але ж па балявых крокпах улада ўсё роўна б’е. І пастаянна ідзе ціск па розных сацыяльных катэгорыях – моладзі, прадпрымальніках, блогерах, футбольных фанатах… Праз рэпрэсіі ў дачыненні да некалькіх чалавек хочуць зрабіць так, каб мэтавыя групы баяліся. Гэта ўсё пралічана, за 23 гады адпрацавана рэпрэсіўная тактыка. А Еўропа на гэта ўжо проста заплюшчыла вочы.

– І ў той жа час беларускі кіраўнік адмовіўся ехаць у Брусель на саміт “Усходняга партнёрства”. На ваш погляд, чаму?

– Гэта адначасова і спроба напрыканцы году выпрасіць чарговы крэдыт у Расіі, і спроба набіць сабе кошт. Маўляў, калі ўжо запрашаеце на Захад, дык запрашайце да першых асоб еўрапейскіх карін, а не да другасных еўрачыноўнікаў. Але асабіста я ў гэтай сітуацыі еўрапейцаў проста не разумею. Можна мець якія заўгодна мэты і якія заўгодна прагматычныя інтарэсы, але беларускі рэжым проста глуміцца над імі. І ў палітычным плане гэта бачна абсалютна яскрава.

– Пратэстнай восені шмат у чым дзякуючы такой рэпрэсіўнай тактыцы ўладаў не адбылося, але ці працягнецца ціск на актывістаў далей?

– Як толькі краіна атрымае чарговы крэдыт, распачнуцца і рэпрэсіі. Толькі дзеля таго, што зараз ідзе нейкі перамоўны працэс з еўрапейцамі, што ў хуткім часе адбудзецца саміт у Бруселі, рэпрэсіўная хваля ў апошнія тыдні крыху заціхла. Але саміт закончыцца, і я мяркую, усё можа пачацца па-новаму.

– У судах практычна немагчыма даказаць сваю невінаватасць, калі справа палітычная. Гэтую сценку прабіць немагчыма? Уладзімір Някляеў спрабуе нейкім чынам паказваць абсурднасць абвінавачванняў у свой адрас, але ж пакуль безвынікова…

– Някляеў вельмі правільна робіць, што змагаецца. Усе ўжо прызвычаіліся да беларускіх судзілішчаў, а ён не прызвычаіўся і кажа пра тое, што ёсць. І гэта слушна, бо тут трэба сценку прабіваць. Іншая справа, што суды, як былі, так і застаюцца спектаклем і фармальнасцю. Жахліва тое, што еўрапейскія дэмакратычныя інстытуты збіраюцца выдаткоўваць дзесяткі мільёнаў долараў на тыя ж самыя беларускія суды і паляпшэнне дзяржаўнага кіравання.

– Беларускія суддзі за гэтыя грошы навучацца дэмакратыі і суды стануць незаангажаванымі?  

– Усе цудоўна разумеюць, што, як кажуць, чорнага кабяля не адмыеш да белага колеру, але такія ўжо правілы геапалітыкі. Але ж немагчыма перавыхаваць камуністаў, якія крыху ўсміхнуліся, крыху падфарбаваліся, але па-ранейшаму робяць сваю сталінскую справу. І пры гэтым карыстаюцца выгодамі рынку, ездзячы па Еўропе. Добра ўладкаваліся! Няма ні выбараў, ні судоў, ні дэмакратыі, але на гэта, паўтаруся, Еўропа заплюшчыла вочы, і мы са сваімі  праблемамі застаемся сам насам. Гэта ўсё падаецца як норма. А беларусаў, якія пратэстуюць супраць несправядлівасці, штрафуюць, адбіраюць маёмасць, кідаюць на суткі і запалохваюць стратай працы. На жаль, пакуль што тут пануе беззаконне. І пакуль што трэба разлічваць толькі на Госпада і свае ўласныя сілы.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Кіркевіч
  • Вадзім Лабковіч
  • Аляксей Янушэўскі
  • Кастусь Лукашоў
  • Вадзім Кабанчук