Павел Севярынец: Еўрапейцам абавязкова нагадаем пра палітвязняў

Былы палітычны зняволены Павел Севярынец распавядае сайту palitviazni.info пра магчымы арышт маёмасці за акцыі пратэсту, палітычна матываваныя справы і візіт у Беларусь высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў.

“Ад еўрапейцаў, якія прызджаюць у Беларусь, мы чакаем адмысловых словаў у ацэнцы сітуацыі, – кажа палітык. – Калі будзе цудоўны абмен думкамі, што ў краіне ўсё рэзка паляпшаецца ў плане правоў чалавека, то не бачу сэнсу ад такіх еўрапейскіх прыездаў”.

Нагадаем, што на мінулым тыдні судовыя выканаўцы папярэдзілі сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, што днямі пачнуць “апісваць і арыштоўваць ягоную маёмасць”, калі ён не сплоціць штрафы, прызначаныя за ўдзел у мірных акцыях 17 лютага і 31 сакавіка.

“Помсцяць за вясновыя акцыі, – адразу пракаментаваў сітуацыю Павел. – Насамрэч, у мяне асабіста няма магчымасці выплочваць гэтыя абсурдныя штрафы, як няма ў нашай сям’і асаблівай маёмасці – хіба пральная машына і лядоўня ў здымнай аднапакаёўцы, ды і ўсё. Напэўна, адключаць тэлефон ці зробяць невыязным. Магчымасці салідарнасці не бязмежныя – за апошні год такіх штрафаў было паўтара дзясяткі. Калі выканаўцы пагодзяцца на растэрміноўку – з дапамогай сябраў адаб’емся. Калі не – значыць, загад душыць “жэстачайша. Паказальна, што робяць гэта напярэдадні сесіі ПА АБСЕ ў Мінску.

– Зараз сітуацыя крыху змянілася, – распавядае Павел Севярынец сайту palitviazni.info. – Відаць, у сувязі з правядзеннем сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ судовыя выканаўцы прытармазілі націск на мяне і апошні раз, калі тэлефанавалі, мне заявілі, што чакаюць аплаты штрафаў да 15 ліпеня. Адным словам, перанеслі тэрміны.

– Пра якую суму ідзе гаворка?

– Ёсць два штрафы прыкладна па 600 долараў, але трэба будзе заплаціць па яшчэ адным рашэнні суда. Акрамя таго, неабходна аплаціць за адсідку на “сутках”. Як ужо казаў, у мяне такіх сродкаў няма, таму размаўляем з праваабаронцамі, салідарнымі людзьмі…

– Як вы ацэньваеце прыезд у Мінск высокіх еўрапейскіх гасцей на сесію Парламенцкай Асамблеі?

– Відавочна, што менавіта да прыезду гэтых самых гасцей з ізалятараў вызвалілі усіх фігурантаў “справы патрыётаў”. Але ў той жа час за кратамі яшчэ застаюцца палітвязні – той жа Міхаіл Жамчужны, Зміцер Паліенка… Беззаконне як было ў краіне, так яно і захавалася. Таму, натуральна, ад еўрапейцаў, якія прызджаюць у Беларусь, мы чакаем адмысловых словаў у ацэнцы сітуацыі. Калі будзе цудоўны абмен думкамі, што ў краіне ўсё рэзка паляпшаецца ў плане правоў чалавека, то не бачу сэнсу ад такіх еўрапейскіх прыездаў. Мы ж добра бачым, што сітуацыя альбо застаецца на тым жа ўзроўні, альбо нават наадвароот пагаршаецца.

Эканамічны стан у краіне пагоршыўся, многія людзі даведзены да галечы. Як сядзелі людзі за кратамі па палітычных меркаваннях, так і працягваюць там знаходзяцца. Канвеерам працуюць штрафныя рэпрэсіі за ўдзел у акцыях пратэсту, і ў некаторых ужо нават апісалі маёмасць, як гэта здарылася з Нінай Багінскай. Раней такога не было, а зараз гэта ёсць. Калі гэта прагрэс, то што тады рэгрэс? Але з іншага боку трэба разумець, што ніякая Еўропа беларусам не дапаможа. Трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы.

– На ваш погляд, ці ведаюць еўрачыноўнікі пра рэальную сітуацыю у Беларусі з правамі чалавека?

– Хацелася б спадзявацца на гэта, бо прадстаўнікі апазіцыі рэгулярна інфармуюць Захад аб рэальным стане рэчаў. Ёсць таксама інфармацыя з незалежнай прэсы пра ўсё, што адбываецца. Можна, натуральна, на ўсё заплюшчыць вочы і сказаць, што “прыблізна ёсць прагрэс”. Але які ж гэта прагрэс, калі пераслед застаецца, людзей кідаюць у ізалятары часовага ўтрымання?

– Будуць нейкія практычныя вынікі ад правядзення ў Мінску сесіі ПА АБСЕ?

– Дзякуй Богу, што пад гэтае мерапрыемства хаця б вызвалілі з турмаў хлопцаў, якія праходзілі па “справе патрыётаў”. І дзякуй Богу, што не разганялі тых, хто сабраўся 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы. Гэта, мяркую, таксама было невыпадкова.

З іншага боку зразумела, для чаго ўлада гэта робіць. А робіць яна для таго, каб паказаць шырмачку – вось, маўляў, як у нас прыгожа. І пад гэта пачалі змяняць дэкарацыі. Але, на мой погляд, як толькі скончыцца візіт еўрачыноўнікаў, то ў хуткім часе ізноў пачнуць ціснуць на дэмакратычную грамадскасць з падвоенай энергіяй. Гэта мы ўжо бачылі дзесяткі разоў.

– Ці можа гэты візіт паўплываць на вызваленне астатніх палітвязняў альбо гэтае пытанне для еўрапейцаў сёння не актуальнае?

– Падчас сустрэч з еўрачыноўнікамі мы будзем, безумоўна, падымаць праблему і яшчэ раз нагадваць прозвішчы людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Тэма пастаянна павінна быць на слыху.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні