Павел Севярынец: 25 сакавіка была спроба ўладаў загнаць беларусаў назад – у страх і абыякавасць…

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і былы палітвязень Павел Севярынец, якія быў арыштаваны на 15 сутак, але днямі выйшаў на волю, распавёў сайту palitviazni.info пра сваё затрыманне, “жыццё ў ізалятары”, пратэсты беларусаў і справу “Белага легіёна”.

“Тое, што зараз адбываецца, гэта рэакцыя сістэмы на тое, што беларускі народ становіцца дзеючай сілай у палітыцы, – кажа палітык. – Да гэтага яго не бралі ў разлік. Раней меркавалі так: ёсць Захад, ёсць Расія, ёсць беларуская ўлада і нейкая там “адмарожаная” апазіцыя. Аказалася, што ёсць яшчэ і беларускі народ…”

За ўдзел і выступы 12 сакавіка на мірнай акцыі пратэсту ў Оршы супраць дэкрэту № 3 і палітыкі ўладаў Павел Севярынец быў асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту. 27 сакавіка ён выйшаў на волю, і ўжо нават паспеў прэзентаваць у Оршы кнігі “100 асобаў БХД” і “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

– Пасля акцыі ў Оршы, у якой ўдзельнічала больш за тысячу чалавек, некалькі дзесяткаў людзей узяліся правесці мяне да бліжэйшай машыны, – распавядае палітык. – Адразу ж з ліку ўдзельнікаў мітынгу некалькі кіроўцаў выклікаліся давезці мяне да вакзала. І мы паехалі двума машынамі ад месца правядзення акцыі. Але ўжо літаральна праз кіламетр нас дагнала машына ДАІ з мігалкамі. У той жа час пад’ехаў аўтобус з АМАПам, запатрабавалі, каб мы прайшлі ў той самы аўтобус. Я спрачаўся, патрабаваў прадставіцца і фармуляваць патрабаванні па-беларуску. У выніку віцебскі АМАП загаварыў на мове.

– Вядома, што ў мікраўтобусе АМАПаўцаў вы заўважылі расійскі сцяжок…

– Так, быў расійскі трыкалор з расійскім гербам. Паколькі АМАПаўцы былі ў форме, то я стаў дапытвацца, каму яны служаць і на каго працуюць. Казаў, што з такіх сцяжкоў і пачынаўся Крым і Данбас. У рэшце рэшт, пакуль мы даехалі да райаддзела, яны гэты сцяжок знялі. Але факт застаецца фактам – на лабавым шкле сваіх машынах беларускія сілавікі прычэпліваюць расійскія сцяжкі.

– У прайаддзеле вас дапытвалі?

– Практычна не. Аформілі нейкія паперы, і мне было адразу зразумела, што дадуць 15 сутак адміністрацыйнага арышту, каб я не патрапіў на Дзень волі. Але трэба сказаць, што і трапіць на аршанскую сустрэчу было даволі складана. Мы прайшлі чатыры засады, машыны міліцыі і ДАІ стаялі на ўсіх уездах-выездах з Оршы, а таму давялося пехатой дабірацца да месца, дзе збіраліся пратэстоўцы. Таму, дзякуй Богу, што наогул патрапіў туды.

– У судзе таксама ўсё было прадказальна?

– Прадказальна і хутка – мяне аформілі на “суткі” за гадзіну. Я адразу сказаў суддзі, што ні пра якую незалежную судовую сітэму гаворка не ідзе, таму зараней ведаю, які дадзены загад і якім будзе прысуд. Рэакцыя суддзі была такой: “Каму не цікава, тыя могуць пакінуць памяшканне”. Я першы і выклікаўся яго пакінуць. Два міліцыянеры, якія былі побач, мабыць, так разгубіліся, што нават мяне і не спынялі. А вось ужо на выхадзе ля дзвярэй вярнулі назад.

– Ізалятар часовага ўтрымання як сустрэў?

– Ізалятар як ізалятар. Адзінае, ад чаго пухлі вушы, дык гэта ад расійскай папсы. Там уключылі рускае радыё, і за 15 сутак я пачуў толькі адну песню на беларускай мове. Што ж датычыцца ўсяго астатняга, то нічога незвычайнага не было. Вельмі цікава, што абсалютная большасць людзей, якія ўтрымліваюцца ў ізалятары, на баку пратэстоўцаў. Акрамя таго, характэрная сітуацыя – 25 і 26 сакавіка ізалятар знаходзіўся па сутнасці на асадным становішчы. Сілавікі з аўтаматамі, усё начальства на месцы… То бок, яны баяліся нейкіх сур’ёзных падзей.

– Некаторыя скардзіліся, што асобныя ахоўнікі ізалятараў паводзілі сябе ў дачыненні да затрыманых за акцыі “як садысты”…

– Трэба сказаць, што ў гэтым плане я ўжо чалавек бывалы, наглядзеўся ўсякага, таму зараз было нешта сярэдняе. Былі, напрыклад, незразумелыя патрабаванні на ложках знаходзіцца толькі з 22.00 да 6 гадзін раніцы. У астатні час трэба было альбо хадзіць па камеры, альбо сядзець за сталом. Але ўсё астатняе можна было цярпець.

–  Увогуле, на ваш погляд, што зараз адбываецца ў краіне? Чаму ўлада так жорстка адрэагавала на пратэсты людзей супраць дэкрэта аб “дармаедах”?

– Тое, што зараз адбываецца, гэта рэакцыя сістэмы на тое, што беларускі народ становіцца дзеючай сілай у палітыцы. Да гэтага яго не бралі ў разлік. Раней меркавалі так: ёсць Захад, ёсць Расія, ёсць беларуская ўлада і нейкая там “адмарожаная” апазіцыя. Аказалася, што ёсць яшчэ і беларускі народ. І тысячы людзей выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў, чаго не было 15-20 гадоў.

Больш за тое – аказалася, што гэта не прарасійская сіла, а звычайны працоўны люд, які гукае “Жыве Беларусь” і патрабуе адстаўкі ўлады. Таму гэта ўжо сіла, з якой трэба лічыцца. І 25 сакавіка была спроба загнаць беларусаў назад – у страх і абыякавасць, у якіх яны знаходзіліся апошнія гады. Але гісторыя паказвае, што выйграць вайну ў народа немагчыма.

– Якой можа быць рэакцыя Захаду на рэпрэсіі ў Беларусі?

– Мы чакаем ад Захаду цвёрдай чырвонай рысы для прадстаўнікоў рэжыму. Калі ж людзі будуць заставацца ў турмах, то трэба спыняць размовы пра шырокую супрацу з уладай. Бо, нагадаю, прычынай зняцця заходніх санкцый было вызваленне палітвязняў. Калі ж палітвязні вяртаюцца ізноў, то няма логікі весці дыялог. Вызваляйце людзей – далей перамовы.

– Па “справе “Белага легіёну” зараз за кратамі знаходзіцца 27 чалавек, хаця абвінавачванне ім яшчэ не прад’яўлена.

– Я ведаю многіх з тых, хто праходзіць па гэтай справе, і маё меркаванне – яна высмактана з пальца. Думаю, справа з’явілася таму, што гэта прарасійскія сілы ў атачэнні Лукашэнкі спрабуюць нанесці ўдар па найбольш прынцыповых беларускіх патрыётах. Для мяне відавочна, што гэта прарасійскі сцэнар. І тыя людзі, хто ініцыянаваў гэтую справу, і ёсць найбольш небяспечныя для незалежнасці Беларусі.

– Ваш прагноз: чым можа закончыцца гэтая справа? Што чакае яе фігурантаў?

– Спадзяюся, што праз некалькі дзён хлопцаў пачнуць выпускаць. Да гэтага падштурхоўвае логіка падзей. Уладзе патрэбны заходнія грошы, бо Расія іх пакуль не дае. Думаю, што шляхам дробнага гандлю хлопцы апынуцца на волі да прад’яўлення абвінавачвання. Магчыма, прад’яўляючы абвінавачванне, будуць змяняць меру стрымання. Але, калі з ізалятара нікога не выпусцяць, то будзем спадзявацца на цвёрдую пазіцыю нашых еўрапейскіх партнёраў.

palitviazni.info      

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні