Мікалай Статкевіч: Сёння ўлады не могуць сабе дазволіць раскідаць усіх па турмах…

Былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, якімі метадамі ўлады ціснуць на актывістаў, пра пратэстны рух, штрафныя санкцыі і вялікія палітычныя гульні.

“Усёняшняй сітуацыі Еўропа мусіць рэагаваць толькі ў адказ на брутальныя дзеянні беларускага рэжыма – разгоны альбо масавыя пасадкі, – кажа палітык. – Таму ўлады і баяцца, каб такая сітуацыя не стварылася. І робяць усё магчымае, каб акцый у цэнтры сталіцы не было”.

– Многія чулі пра гісторыю, калі ў актывіста Зміцера Дашкевіча на гэтым тыдні забралі машыну за тое, што ён, маўляў, не заплаціў усе штрафы, якія яму прызначылі за ўдзел у акцыях, – кажа Мікалай Статкевіч. – Дзякую Богу, што ўсё закончылася добра (грошы знайшлі, а машыну вярнулі), але гэта не просты выпадак. Я ўпэўнены, што ён звязаны з ростам сацыяльнай напружанасці ў краіне, з крахам эканамічнай палітыкі рэжыма. Расце напружанасць – рэжым баіцца масавых выступаў грамадзянаў. На 17 лютага Беларускі нацыянальны кангрэс аб’явіў “Марш абураных беларусаў”, і ўлады стараюцца запалохаць людзей.

Сітуацыя з канфіскацыяй аўта ў Дашкевіча – гэта таксама запалохванне. Наколькі мне вядома, ён плаціў штрафы, і ўвогуле – за апошнія гады ніводны з актывістаў сам не аплочваў штрафы за ўдзел у палітычных акцыях. Ёсць праваабарончыя фонды, яны дапамагаюць, калі людзі звяртаюцца. Але ўлада вырашае раз-пораз запалохваць і тых, хто плаціць. Таму выпадак са Зміцерам – цалкам незаконны. І нават, калі ён не аплаціў некалькі штрафаў, то павінны былі спачатку папярэдзіць і гэдак далей… А забранне яго машыны – гэта запалохванне нават не Змітра, а патэнцыйных удзельнікаў акцый пратэсту. Таму я яшчэ раз хачу нагадаць людзям, каб яны не баяліся прыходзіць на акцыі, бо, калі камусьці і выпішуць штраф, спецыяльныя фонды іх аплоцяць. Ніхто сам насам са сваёй праблемай не застанецца. Так што – не бойцеся! Яны баяцца вас ужо болей.

– Вы думаеце ўлады баяцца пратэстаў у сітуацыі, калі ў апошнія гады такія мерапрыемствы збіраюць усяго некалькі сот чалавек? Мне здаецца, грамадства стала апалітычным і абыякавым…

– Народ у нас такім не стаў. Проста бываюць рост і зніжэнне грамадскай актыўнасці. Гэта такі хвалепадобны працэс, хаця, натуральна, цяжка сказаць, калі людзі адчуюць неабходнасць і патрэбу, каб масава выйсці на акцыі. Але абавязак апазіцыйных сілаў – пастаянна даваць такую магчымасць. Трэба трымаць пляцоўку свабоды ў цэнтры Мінска, таму што нельга дазваляць уладам увесь пратэст замкнуць дзе-небудзь пад лесвіцай кінатэатра “Кастрычнік” альбо ў парку, дзе выгульваюць сабак.

Калі вы хочаце дасягнуць нейкіх вынікаў (напрыклад, адмяніць ганебны дэкрэт аб падатку на беспрацоўных), то трэба пратэставаць так, каб улада сама адчула страх. А напалохаць яе пад лесвіцай кінатэатра не атрымаецца. Хаця ўлада зараз баіцца, яна нешта прадчувае. І патэнцыял для сацыяльнага пратэсту спее. Мы не можам сказаць, калі ён саспее, але, як ужо казаў, абавязаны ствараць пляцоўкі для магчымасці выказацца людзям. Трэба быць гатовымі, каб скарыстаць гэты пратэст, яго энергію, каб вылучыць да ўлады патрабаванні палітычнай і эканамічнай свабоды.

– Мяркуючы па тым, як разгортваюцца падзем, уладам спадабалася палітыка “штрафныя санкцыі замест “сутак”. І ў вочы еўрапейцам не так рэпрэссіі кідаюцца, і бюджэт папаўняецца. На ваш погляд, у бліжэйшы час гэта захаваецца?

– Як мне падаецца, каб была воля ўлады, то яна б праводзіла сёння больш жорсткую палітыку. Яна ведае, што штрафы аплочваюцца, таму хаця і невялікая колькасць актывістаў, але яна заўсёды прысутнічае ў цэнтры горада. Пяць гадоў, пакуль я знаходзіўся за кратамі, у цэнтры Мінска не было мітынгаў апазіцыі. Зараз гэты працэс запушчаны, і ён ужо не залежыць ад мяне. Працэс ідзе, і ўладзе гэта вельмі не падабаецца. Мы жывем у век Інтэрнэта, таму нават нейкая невялікая акцыя з дзесяці чалавек набывае досыць вялікі розгалас і падрывае пазіцыі ўлады ў грамадстве. Яны гэтага вельмі не хацелі б і з задавальненнем усіх ізноў раскідалі б па турмах, бо для бюджэта прыбыткі ад штрафаў насамрэч не такія і вялікія. Але не могуць гэтага дазволіць.

– Не могуць сабе дазволіць, таму што палепшыліся стасункі з Захадам?

– Не могуць сабе дазволіць, таму што так дагуляліся з Крамлём, што той зараз выстаўляе патрабаванні, якія пагражаюць і беларускаму рэжыму. Уладам патрэбны грошы Захаду, каб захоўваць баланс, таму яны не могуць пайсці на нейкія брутальныя крокі. Таму штрафы – гэта не вынаходніцтва нейкіх разумнікаў. Гэта – ад немагчымасці ўжываць адміністрацыйныя арышты і крымінальныя справы.

– Еўропа ўжо прыняла беларускую ўладу, як сваю?

– Гэты рэжым Захад ніколі не прымаў і не прыме, як свой, пакуль той не выканае элементарныя патрабаванні па вяртанні краіны да дэмакратыі і свабоды ў палітыцы і эканоміцы. Але Еўропа паслабіла ціск, таму што акрамя ўнутраных праблем у яе з’явілася і такая страшная пагроза, як палітыка агрэсіўнай Расеі. У выніку еўрапейскія эліты пачалі праводзіць палітыку ў дачыненні да Беларусі, якую можна ахарактарызаваць словамі “абы ціха”. Разам з тым яны разумеюць, які рэжым у Беларусі і лепш да яго не ставяцца.

Сёння падзенне эфектыўнасці архаічнай беларускай эканомікі такое вялікае, што трэба ўвесь час павялічваць датацыі. На Маскву асабліва не націснеш. Зараз, калі ў Крамля канфлікт з Захадам, той патрабуе, каб і беларускія ўлады сталі ў строй і выконвалі каманды. Паставіла, напрыклад, НАТА вайсковую брыгаду ў Польшчы, трэба, каб насупраць, у Беларусі, з’явіліся дзве расійскія дывізіі. Але беларускі рэжым, нягледзячы на тое, што грошы патрэбны, на такое таксама пайсці не можа. Бо што такое дзве дывізіі ў краіне? Гэта мажлівасць для Расіі правесці замену беларускага кіраўніцтва, не рызыкуючы дэстабілізацыяй. Трэба аддаць належнае, Аляксандр Лушэнка – чалавек з вялікім пачуццём небяспекі, і ён усё разумее. Таму і спрабуе арганізаваць палітычны баланс. Але пры ўсім пры гэтым у нас цалкам эканамічная залежнасць ад Расеі. Пазбавіцца ад яе можна толькі ў выпадку, калі пайсці на рэальныя эканамічныя рэформы, якія могуць прывесці і да рэформаў палітычных. І ўлады на гэта не ідуць.

–  Еўрапейцы ўжо махнулі рукой на правы чалавека ў Беларусі альбо для іх гэтае пытанне па-ранейшаму актуальнае?
– Яны імкнуцца па-іншаму да гэтага ставіцца. І мусяць рэагаваць толькі ў адказ на брутальныя дзеянні рэжыма – разгоны альбо масавыя пасадкі. Таму ўлады і баяцца, каб такая сітуацыя не стварылася. І робяць усё магчымае, каб ніякіх акцый у цэнтры сталіцы наогул не было.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Фядута
  • Арцём Грыбкоў
  • Павал Сырамолатаў
  • Цімох Дранчук
  • Мечыслаў Яськевіч