Былыя палітвязні Павел Севярынец і Мікалай Аўтуховіч наведаліся ў госці да Уладзіміра Кондруся

Напрыканцы мінулага году фігурант Плошчы-2010 Уладзімір Кондрусь быў пакараны судом умоўна – 1,5 гадамі «хатняй хіміі». Зараз ён знаходзіцца дома – у гарадскім пасёлку Рудзенск.

“25 студзеня разам з Мікалаем Аўтуховічам мы наведаліся да Уладзіміра ў госці, – распавёў сайту palitviazni.info палітык Павел Севярынец. – Дзякуй Богу, здароўе ў яго пасля турэмнай галадоўкі хутка аднавілася…”

“Мы добра пагутарылі і з Уладзімірам Кондрусем, і з яго бацькамі, – кажа Павел Севярынец.Уладзімір больш падрабязна распавёў гісторыю пра тое, як ён трапіў у поле зроку сілавых структур, і як прайшоў праз усе выпрабаванні. Мяркуючы па ўсім, яго арышт сапраўды не быў нейкай выпадковасцю. Ёсць моцныя аргументаваныя падазрэнні, што сілавікі “вялі” яго прынамсі некалькі гадоў. А чаму не затрымлівалі раней? Магчыма, чакалі зручнага выпадку, бо Кондрусь удзельнічаў у пратэстным руху, і гэта органы ведалі. Яго ж некалькі разоў затрымлівалі пасля Плошчы, ён быў у полі зроку сілавікоў. Пытанне, напэўна, было толькі ў тым, як падаць гэтае затрыманне. І, калі СМІ назвалі чалавека “правакатарам”, з’явілася добрая нагода кінуць яго за краты. Таму Уладзімір і вымушаны быў пайсці на крок адчаю – распачаць галадоўку”.

Са слоў Севярынца, Уладзімір Кондрусь не змяніў сваім поглядам і прынцыпам, не прызнае ні гэты суд, ні гэтую сістэму.

“У нас з Мікалаем Аўтуховічам склалася аднадушнае ўражанне ад гэтага чалавека – крэмень, – дадае палітык. – Ні суд, ні турма яго не зламілі. Ён не належыць да нейкіх апазіцыйных партый ці рухаў, але гэта абсалютна беларускі чалавек-змагар. Дарэчы, вельмі паважае Зянона Пазьняка”.

Уладзімір Кондрусь распавёў гасцям, што падчас знаходжання за кратамі яму ў першую чаргу даводзілася спадзявацца на ўласныя сілы.

“Калі чалавек нязломны па свайму характару, то яго на калені не паставіць”, – адзначае Павел Севярынец.

palitviazni.info

Фота: БелаПАН

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Рамашэўскі
  • Мікалай Дзядок
  • Аляксандар Казакоў
  • Уладзімер Падгол
  • Леанід Сьвецік