Маці Уладзіміра Кондруся: У сына вельмі моцна развіта пачуццё справядлівасці

kondrus-24516 лістапада ў Мінску распачаўся судовы працэс над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010. Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

“Пасля суда Валодзю вазілі ў бальніцу прыкладна на тыдзень на псіхіятрычную экспертызу, а пасля зноў вярнулі ў ізалятар”, – распавяла Галіна Васільеўна, маці Кондруся.

Нагадаем, 14 чэрвеня гэтага года ў межах папярэдняга расследавання Кондруся затрымалі, пасля ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска, дзе трымаў галадоўку.

16 лістапада распачаўся судовы працэс, аднак пасля таго, як у зале суда ён паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

“Пасля суда Валодзю вазілі ў бальніцу прыкладна на тыдзень на псіхіятрычную экспертызу, а пасля зноў вярнулі ў ізалятар, – расказвае Галіна Васільеўна, маці Кондруся. – Наколькі мне вядома, затым ён быў змешчаны ў турэмную бальніцу. Пра вынікі экспертызы нам не паведамляюць, а лістоў ад сына пасля гэтага не было. Ён увогуле амаль нічога не піша, лісты дасылае вельмі кароткія”.

Па словах Галіны Васільеўны, пакуль невядома і тое, калі працягнецца суд.

“Нічога не кажуць, але адвакат запэўніў, што адразу ж будзе інфармаваць, калі яму штосьці стане вядома, – кажа яна. – Вельмі хацелася б, каб уся гэтая справа закончылася як мага хутчэй і са станоўчым вынікам. Я добра ведаю сына, які ж ён злачынца?.. Валодзя закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у школе быў амаль выдатнікам. І ў яго вельмі моцна развіта пачуццё справядлівасці. Аднойчы ён уладкаваўся на працу, там была, як кажуць, двайная бухгалтэрыя. Сын не захацеў мець справу з такім працадаўцам”.

Жанчына дадае, што яшчэ ў часы, калі сын быў студэнтам, у яго былі непрыемнасці, звязаныя з міліцыяй.

“Я і мой муж працавалі на заводзе ў Рудзенску, мы небагата жылі, – успамінае Галіна Васільеўна. – Аднойчы на прадпрыемстве мне як акцыянеру выплацілі працэнты прадукцыяй – далі крэм для абутку. І адразу ж у аддзеле збыту прапанавалі варыянт, каму можна прадаць гэты крэм. Прыехалі нейкія ўкраінцы, разлічыліся доларамі. Трэба было лекі купляць, дала сыну 10 долараў, каб у Мінску памяняў. Той звярнуўся на Камароўскім рынку да валютчыка, раней жа такія часы былі. А валютчык аказаўся міліцыянерам, і сына адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на “суткі” за гэтыя злашчасныя 10 долараў. Ведаеце, як ён тады азлобіўся і на гэтую ўладу, і на міліцыю?!”

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні