16 лістапада а 10.30 у Маскоўскім судзе Мінска пачнецца суд над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, удзельнікам Плошчы-2010, які месяц трымаў галадоўку.
“Улады баяцца народных хваляванняў і хочуць праз гэты працэс паказаць, што, маўляў, такія справы – без тэрміна даўніны”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітычны зняволены Мікалай Аўтуховіч.
Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.
– Калі казаць пра “справу Кондруся”, то яе можна назваць неадназначнай, – кажа Мікалай Аўтуховіч. – У 2010 годзе я знаходзіўся ў турме, і, калі пабачыў фотаздымкі, на якіх чалавек б’е вокны ў Доме ўрада, можна было падумаць, што гэта правакатар. Але аказалася, што гэта мог зрабіць любы, хто быў у той вечар “на эмацыйным уздыме”. Усё магло адбывацца, як кажуць, па інерцыі. Калі ёсць натоўп, то многія далучаюцца да натоўпа проста так. Чалавек патрапіў у гэтую хвалю, і яго панесла.
– Але справа будзе разглядацца аж праз шэсць гадоў пасля таго, як адбыліся снежаньскія падзеі.
– Улады баяліся і баяцца народных хваляванняў і хочуць праз гэты працэс паказаць, што, маўляў, такія справы – без тэрміна даўніны. Натуральна, і пакараюць чалавека, каб гэта стала яшчэ адным урокам для астатніх. Улады цудоўна разумеюць, што ў іх сёння абсалютна нічога не атрымліваецца ў эканоміцы, а цярпенне людзей не бязмежнае. Суд над Кондрусем – гэта таксама і спроба крыху наполахаць беларусаў.
– Ёсць меркаванне, што ўладам не трэба сёння новыя палітвязні, а таму Кондрусю не дадуць рэальны тэрмін. Які ваш прагноз з гэтай нагоды?
– Уладзіміра пакараюць у любым выпадку, і Захад на гэта рэагаваць не будзе. Іншая справа, што Кондрусю і насамрэч могуць даць “хатнюю хімію”. Хутчэй за ўсё, з гэтай нагоды ўжо ёсць нейкая папярэдняя дамоўленасць паміж беларускай уладай і Захадам. Еўрапейцы наогул сталі зусім па-іншаму ацэньваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. А ўлады таксама зыходзяць са сваіх інтарэсаў. Калі трэба такі “тавар”, як палітвязні, яны яго лёгка зробяць. Але зараз, хутчэй за ўсё, не тая сітуацыя. Заходнія грошы патрэбны.
palitviazni.info