“Уладзіміра Кондруся могуць прызнаць псіхічна хворым…”

 kondrus-24516 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна распачаўся суд над удзельнікам Плошчы-2010 Уладзімірам Кондрусем, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем.

Але наўпрост у судзе Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, пасля чаго ў дачыненні да яго прызначылі стацыянарную комплексную судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

“Да Уладзіміра Кондруся могуць ужыць карную псіхіятрыю, яго могуць прызнаць псіхічна хворым і накіраваць на лячэнне”, – не выключае такі варыянт развіцця падзей палітык Павел Севярынец.

Нагадаем, што судовы працэс, як распачаўся, так той жа дзень і закончыўся. Пасля таго, як Уладзімір Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, суд прыняў рашэнне: “З улікам паводзінаў Кондруся падчас судовага пасяджэння, якое выклікае сумневы ў яго псіхічным стане, і няўдалую спробу суіцыду суд лічыць неабходным прызначыць у дачыненні да абвінавачанага Кондруся стацыянарную комплексную судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу”.

На думку праваабаронцаў, экспертыза можа заняць каля месяца, і рэальна існуе пагроза, што Кондруся прызнаюць псіхічна нездаровым. У такім выпадку суд давядзецца адмяніць, а абвінавачанага накіруюць на лячэнне.

“Рэжым спрабаваў зладзіць паказальны спектакль, – распавёў сайту palitviazni.info Павел Севярынец. – І да яго ўсе вельмі добра падрыхтаваліся. Міліцыянты былі амаль парадна апрануты, запрасілі нават беларускамоўнага АМАПаўца… Рыхтаваліся да суда, як да нейкага свята з удзелам прэсы. Было ўсё для трыумфа імітацыі. А Уладзімір Кондрусь, калі лёг на падлогу, адразу зламаў сцэнар спектаклю. А пасля яшчэ ў знак пратэсту хацеў парэзаць сабе вены. Зразумела, што гэта ламае паказуху, якую рыхтавалі, ламае хлусню і фальш. Уладзімір паказаў сябе ў чарговы раз, як чалавек вельмі мужны і цвёрды”.

На думку палітыка, на гэта, безумоўна, спатрэбіўся і адказ з боку ўлады.

“І гэты адказ будзе заключацца ў тым, што зараз Кондруся накіравалі на псіхіятрычнае даследванне, і яго нават могуць прызнаць псіхічна хворым, – дадае Павел Севярынец. – Для таго, каб чалавека прынізіць і вывесці яго са спісу палітвязнеў. Таму трэба вельмі моцна пільнаваць, каб гэтага не адбылося. Бо Уладзімір Кондрусь – чалавек нармалёвы і ў абсалютнай свядомасці. Пра гэта сведчаць і бацькі, і тыя, хто яго ведае. І гэты чалавек адэкватна ацэньвае рэчаіснасць. А вось прадстаўнікі сістэмы, якія былі ў зале, і ёсць імітатары, тыя, ў каго не ўсё ў парадку з сумленнем”.

Са слоў Севярынца, у апошні час карная псіхіятрыя ў Беларусі спрабуе ўпісацца ў савецкія стандарты.

“Вядомы выпадкі, калі Славаміра Адамовіча вазілі ў псіхітярычную лякарню, – адзначае ён. – Днямі Аляксандра Лапіцкага накіравалі туды ж толькі за тое, што ён пасмеў нешта сказаць супраць дзяржаўных чыноўнікаў. Таму сёння нічога выключаць нельга”.

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.

palitviazni.info

Фота: БелаПАН

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Андрэй Кім
  • Яна Палякова
  • Алесь Бяляцкі