Уладзімір Кобец: “Справа Кондруся” можа скончыцца ў зале суда…

ai-217719-aux-head-20160810_vladimir_kondrus_spring96.org_360Суд над Уладзімірам Кондрусем, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, адбудзецца 16 лістапада ў 10.30 у судзе Маскоўскага раёна горада Мінска.

“Гэта не апошняя палітычная справа ў Беларусі”, – распавядае сайту palitviazni.info  Уладзімір Кобец, які ў 2010 годзе кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, быў кінуты за краты, а пасля вызвалення з’ехаў за мяжу.

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Мінска, паведамляе spring.96org.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.

“На мой погляд, гэта не апошняя палітычная справа ў Беларусі, – мяркуе Уладзімір Кобец. – Прырода дыктатур не дазваляе ім існаваць без карніцкіх метадаў і без палітычных вязняў. Кондрусь, безумоўна, вязень сумлення ў кіпцюрах рэжыму, і гэта прызнаюць праваабаронцы – як беларускія, так і замежныя, а значыцца яго справа “на кантролі”. Больш за тое – Уладзімір Кондрусь праходзіць па справе 19 снежня 2010 году“, па якой сёння з-за моцнага ціску на рэжым з боку ЗША і Еўрасаюза у турмах больш не засталося вязняў. Пасадзіць чарговага фігуранта гэтай самай гучнай палітычнай справы найноўшай беларускай гісторыі – значыць вярнуць яе”.

Са слоў Уладзіміра Кобеца, варыянты развіцця падзей падчас суда могуць быць рознымі.

“З аднаго боку рэжым дэманструе вялікую смагу па заходніх крэдытах, таму даволі доўгі час мы назіраем гульню ў чарговую “лібералізацыю”, – кажа ён. – Таму справа можа скончыцца ў зале суда, як і ў выпадку з Пальчысам. Можа быць умоўны тэрмін, хатняя “хімія”, ці вялікі штраф (апошні метад паўсюдна практыкуецца сёння). З іншага боку мы бачым, што быкам доўга без крыві жыць сумна. Самы апошні прыклад –  брутальна збіты сілавікамі Зміцер Дашкевіч. Значыцца, нервы ў рэжыма паволі здаюць”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Стральцоў
  • Зьміцер Ус
  • Вадзім Лабковіч
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Cяргей Антончык