Мікалай Статкевіч: Найлепшы падарунак для мяне – свабода для нашай краіны

2_sta12 жніўня былому палітвязню Мікалаю Статкевічу споўнілася 60 гадоў.

“60-гадовы юбілей асабіста для мяне – сумная дата, – распавёў сайту palitviazni.info палітык. – Але ўсцешвае толькі адно. Што ў гэты дзень мяне павіншавалі людзі, з якімі я хацеў бы сядзець за адным сталом. Яны падтрымалі мяне ў гэты трагічны дзень”.

“Сябры сказалі мне вельмі добрыя словы, – кажа Мікалай Статкевіч. – Яны сказалі, што мне трэба працягваць распачатую справу, і нават калі сёння за мной ідуць некалькі тысяч чалавек, то заўтра іх можа быць у разы больш. А ўвогуле, у мяне шмат паплечнікаў, сяброў, а гэта, напэўна, і ёсць адзнака таго, што ты зрабіў шмат вартага ў гэтым жыцці”.

– Які б для вас быў бы найлепшы падарунак у гэты святочны дзень?

– Найлепшы падарунак – свабода для нашай краіны.

 

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны (1978). Кандыдат тэхнічных навук (1986). Вучыўся ў дактарантуры (1990—1993). Стваральнік і кіраўнік грамадскага аб’яднання «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» (1991—1995).

З 1995 года ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). У канцы 2004 года ў партыі здарыўся раскол, і ў студзені 2005-га Мінюст прызнаў факт выключэння Статкевіча з партыі. У 2005 годзе Статкевіч заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада).

У маі 2005 года палітык быў прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 года ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пакаранне адбываў у Баранавічах Брэсцкай вобласці і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

У маі 2011-га суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Міжнародныя арганізацыі абвясцілі яго палітычным вязнем. Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць просьбу аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак асуджаны палітык катэгарычна адмаўляўся гэта рабіць.

Ён і яшчэ пяцёра палітвязняў былі вызваленыя 22 жніўня 2015 года на падставе рашэння кіраўніка дзяржавы.

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Марцалеў
  • Міхась Субач
  • Уладзімер Кобец
  • Яўген Сакрэт
  • Юрый Рубцоў