Уладзімір Някляеў: Я буду прасіцца ў парламент у тых, хто пяць гадоў таму мяне кінуў у турму?

1_nekЭкс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітвязень Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info пра так званыя парламенцкія выбары, прыхаваныя рэпрэсіі ўладаў і сёняшнюю апазіцыю.

“Умова павінна быць жорсткай: мы ўдзельнічаем у выбарах толькі ў тым выпадку, калі змяняецца выбарчае заканадаўства, і выбары праходзяцьабсалютна  празрыста. Вось якая павінна быць на сёняшні дзень пазіцыя беларускай апазіцыі”, – кажа палітык.

– Сёння многія палітыкі і аналітыкі ледзь не стаўкі робяць на тое, ці пройдуць прадстаўнікі “Гавары праўду”  ў парламент. Вы, як былы кіраўнік гэтай кампаніі, што думаеце з гэтай нагоды?

– У мяне да гэтага, шчыра кажучы, ніякай цікавосткі няма, бо пытанне павінна гучаць абсалютна інакш: ці будуць сапраўдныя выбары? Альбо не будзе выбараў? А пытанне – прапусцяць ці не прапусцяць? – гэта прафанацыя пытання. Як наогул можна дэмакратычнай апазіцыі, людзям з дэмакратычнымі поглядамі гаварыць так, як быццам гэта некай дапушчальнае і прымальнае дзеянне? Я лічу, што гэта проста здзек і насмешка над дэмакратычным грамадствам. Маўляў, калі захочаць – прапусцяць у парламент, не захочуць – не прапусцяць.

Пры гэтым да гэтага падключыліся ўсе. Не толькі тыя прадстаўнікі апазіцыі, якія заўсёды даводзяць, што ім падчас выбарчых кампаній  трэба распавядаць народу, як той жыве, але і (чаго раней не было) людзі з дэмакратычнай Еўропы. У жо былі некалькі выпадкаў, калі еўрапейцы агітавалі мяне, што нам трэба ісці на выбары, бо, маўляў, ледзь не дамова ёсць з беларускімі ўладамі, што некага прапусцяць.

Як я наогул буду чакаць нейкага пропуску ад улады, якая пяць гадоў таму мяне ледзь не забіла, кінула ў турму? І зараз мне ў яе прасіцца, каб прапусцілі ў парламент? Павінна ж быць нейкая чалавечая годнасць, незалежна ад таго, якая сістэма выбудавана ў краіне. Я ўсё разумею, але прымаць гэта не збіраюся.

– А як вам такая пазіцыя некаторых апазіцыйных дзеячаў: выбараў няма, але ўдзельнічаць буду.

– Удзельнічаць у выбарах трэба, але гэты ўдзел павінен быць абсалютна ясна сфармуляваны па мэтах і задачах, як гэта было падчас прэзідэнцкіх выбараў, калі я прымаў удзел. Я прапаноўваў так – вылучаем адзінага кандыдата, бо гэта адзіная магчымасць займець агульнабеларускую высокую трыбуну, каб сказаць праўду. А пасля, падчас апошняга выступу, дадаць: я заклікаю за мяне галасаваць, але ж сапраўдных выбараў няма. Хоць вы ўсе прагаласуеце за мяне, улада зробіць тое, што зробіць пры дапамозе фальсіфікацый і падману. І я здымаюся з выбараў і прапаную галасаваць ні за мяне, ні за каго-небудзь іншага. Вось гэта быў актыўны байкот. Тое самае я прапаноўваю зрабіць і зараз апазіцыі падчас парламенцкіх выбараў.

Напярэдадні мы дамовіліся пра асамблею кандыдатаў у дэпутаты, якую плануем правесці ў жніўні. Яшчэ раз кажу, што мэта павінна быць адна – дасягнуць, у рэшце рэшт, свабодных парламенцкіх выбараў. Гэта адзіная магчымасць змяніць сітуацыю ў краіне. Калі будзе абраны нармальны парламент – гэта будзе крок да палітычных і эканамічных рэформаў. Вось тады будзе і дыялог у грамадстве. Бо папіць каву і пагутарыць з Марыянай Шчоткінай – гэта не ўнутрынацыянальны дыялог, а прафанацыя. Таму і ўмова павінна быць жорсткай: мы ўдзельнічаем у выбарах толькі ў тым выпадку, калі змяняецца выбарчае заканадаўства, і выбары праходзяць абсалютна празрыста пад гарантыю ўлады. Вось якая павінна быць на сёняшні дзень палітыка і пазіцыя беларускай апазіцыі. А не тое, што ўсе ізноў пачнуць распавядаць дзе-небудзь у Салігорску, што ў краіне – дыктатура. Як быццам людзі самі не бачаць, што адбываецца наўкол. Гэта абумоўлена зусім не высокімі палітычнымі прычынамі, а прычынамі іншага кшталту.

– На ваш погляд, ці прызнае Еўропа гэтыя парламенцкія выбары?

– Да таго ідзе, што можа прызнаць, бо ў еўрапейскую палітыку прыйшлі людзі, якія мяркуюць прыкладна так: перад намі былі нейкія палітычныя дурні, але мы самі вырашым палітычныя задачы. І паставілі задачу па сутнасці закансерваваць беларускі рэжым. А ў звязку з тым, што зараз адбываецца ў Еўрасаюзе, гэтая палітыка яшчэ і ўзмацніцца. Ім патрэбна, каб тут было ціха і спакойна, каб сюды не ішлі выдаткі палітычныя і фінансавыя. Усё і робіццца, напэўна, з гэтых меркаванняў – дасягнуць прагрэсу ў палітыцы пераменаў са шматлікімі агаворкамі. Хаця беларускімі ўладамі не прынята ні адна істотная рэкамендацыя АБСЕ. З трыццаці прыняты дзве. І то тыя, якія не маюць ніякіх адносінаў да саміх выбараў.

Паўтаруся, я на сабе адчуваю ціск еўрапейскай бюракратыі, што, маўляў, трэба ісці на выбары. І магчымы фокус, калі на выбарах на нейкіх участках, на якіх будзе найбольш міжнародных назіральнікаў, улада пакажа празрыстасць, маўляў, у нас усё добра. І Еўропа задаволена запляскае ў далоні. У кантэксце той палітыкі, якая праводзіцца, гэта будзе галоўным палітычным казыром. Я гэтага не выключаю, калі апазіцыя будзе дзейнічаць такім чынам.

– А як жа правы чалавека, прыхаваныя рэпрэсіі ў Беларусі? Ці гэтая тэма Захад ужо не цікавіць?

– Днямі я сустракаўся з еўрачыноўнікамі і распавёў ім пра свае ўражанні ад Лондана. Я быў там у тыя дні, калі ішло галасаванне наконт таго, ці заставацца Вялікабрытаніі ў Еўрасаюзе. Рэферэндум і выхад краіны з Еўрасаюза – гэта была вельмі значная падзея і для самой краіны, і для ўсяго свету, бо адбыўся злом у найноўшай еўрапейскай гісторыі. Дык вось рэакцыя брытанцаў на гэта была, калі не абыякавай, то проста не цікавай. А вось калі на чэмпіянаце Еўропы прайграла Ісландыі зборная Англіі, то гэта была такая падзея, якая ўскалыхнула ўвесь Лондан. У пабах быў ледзь не траур аб’яўлены. Англічане сядзілі і плакалі. Такое стаўленне да рэферэндума і футбола даравальна простым людзям, але недаравальна палітыкам.

Сітуацыя ў Беларусі з правамі чалавека, дыктатурай – гэта для Еўропы тое, што для англічан – рэферэндум. А парламенцкія выбары – гэта гульня з Ісландыяй. Акцэнт робіццца не на галоўным, а на гульні. І гэта выгодна тым, хто сёння гуляе ў беларуска-еўрапейскую палітыку.

palitviazni.info   

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пачобут
  • Зьміцер Завадскі
  • Антон Койпіш
  • Рыгор Кійко