
Турэмшчыкі спрабавалі абвінаваціць Мікалая Статкевіча ў намеры зьбегчы з турмы праз адмыслова зроблены лаз, паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч.
«Напісаў пра неверагодную рэч. Што яго спрабавалі абвінаваціць, нібыта хацеў пракалупаць дзірку ў сьцяне і ўцячы. І гэта пры тым, што ягоная камэра, як ён апісваў, выходзіць ва ўнутраны двор турмы, куды іх водзяць на шпацыры! А пачалося з таго, што недзе на сьцяне ці дзе павесіў газэтку, дык вось і западозрылі, нібыта зьбіраўся ў тым месцы пад газэтай пракалупаць дзірку. Яўна наглядзеліся фільмаў, кшталту „Уцёкі з Шаўшэнку“. Але ў нашай сытуацыя гэткія глупствы насамрэч сур’ёзная рэч. Ён жа аднесены да тых, хто нібыта схільны да ўцёкаў, таму сапраўды могуць з гэтай нагоды яшчэ нешта яму дрэннае зрабіць. Таму з трывогай чакаю паведамленьня на гэты конт: спынілася гэтае вар’яцтва, ці нешта там у іх атрымалася».
Таксама Мікалай Статкевіч паведаміў, што ў сувязі з пераходам Магілёўскай вобласьці з аналягавага тэлебачаньня на лічбавае, ў магілёўскай турме пакінулі толькі тры тэлеканалы — АНТ і БТ-1, і расейскі канал РТР. Ахвяраваўшы пры гэтым СТВ і БТ-2. Такім чынам, як мяркуе Мікалай Статкевіч, абласныя навіны ўласьнікам аналягавых тэлевізараў, сярод якіх былі большасьцю людзі сталага веку, цяпер сталі недасяжныя. «Замест іх — праграмы расейскага тэлечачаньня», — заўважае Марына Адамовіч.
Ці зможа Мікалай Статкевіч глядзець ў турме матчы чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразыліі? Марына Адамовіч адказу на гэтае пытаньне ня мае. Паводле яе, Мікалай Статкевіч любіў паглядзець футбол, але фанатычным заўзятарам ніколі ня быў.
Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org