Павал Севярынец прэзэнтаваў кнігу, напісаную ў няволі

Былы палітвязень Павал Севярынец прэзэнтаваў “Беларускую глыбіню” − кнігу, якую ён напісаў адбываючы “хімію” ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

У выданьне ўвайшлі 84 эсэ, напісаныя падчас зьняволеньня па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 года. Варта адзначыць, што “Беларуская глыбіня” − другая кніга Севярынца, напісаная ў няволі, папярэдняя – “Лісты зь лесу” (2007) − была створана ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну таксама падчас “хіміі”.

Павал Севярынец у інтэрвію сайту Palitviazni.info, распавёў, што лічыць сябе пісьменьнікам, але па літаратурных прэміях не заганяецца. Былому палітвязьню больш важнае прызнаньне чытачоў, якое сёньня даказала перапоўненая заля сядзібы Партыі БНФ, дзе адбывалася прэзэнтацыя.

Palitviazni.info: Павал, каму Вы адрасуеце сваю прозу?

Павал Севярынец: Мой чытач – беларус, той чалавек, які спрабуе ўгледзецца ў краіну вакол сябе, у абставіны жыцьця, у свайго бліжняга, каб пабачыць сэнс жыцьця, зафіксаваць гісторыю, знайсьці сваё адлюстраваньне. Гэта чалавек у нечым вызначаны, напрыклад, у беларускасьці, у нечым разгублены, − найперш у пытаньні веры.

Palitviazni.info: Чаму палітвязьні, якія раней не былі зьвязаныя з творчасьцю, журналістыкай, у турме зьвяртаюцца да літаратуры, пачынаюць пісаць кнігі?

Павал Севярынец: Калі чалавек губляе зьнешнюю свабоду, ён пачынае шукаць унутраную. У турме людзі часта знаходзяць сваё пакліканьне – дзяліцца зь іншымі, пісаць, асэнсоўваць, выступаць. Многія людзі ў турме сталі бліжэй да Бога, Беларусі, бліжэй да свайго пакліканьня, таму я вельмі станоўча стаўлюся да плыні турэмнай прозы. Беларусы праходзяць празь зьнешнюю несвабоду, каб вызваліцца ўнутры.

Palitviazni.info: На Вашую думку, ці чытаюць беларусы турэмную прозу? Ці можа літаратура паўплываць на салідарнасьць са зьняволенымі?

Павал Севярынец: Ад турмы ды ад сумы не заракайся. Таму беларусы чытаюць пра жорсткую турэмную будзённасьць, маючы на мэце даведацца: Як яно там? Калі я туды патраплю – ці вытрымаю? Ці здужаю? Калі чытаюць творы Зьмітра Дашкевіча, Ігара Аліневіча, Уладзіміра Някляева, Аляксандра Фядуты, людзі бачаць: беларусы здольныя выжываць і перамагаць у турмах. Таму такая літаратура надае ўпэўненасьці і шараговаму беларусу, які ў турме ніколі не сядзеў.

 

Варта адзначыць, што на прэзэнтацыі “Беларускай глыбіні” ўвесь час закраналася тэма палітвязьняў. Заля была аздобленая лістамі і паштоўкамі, якія беларусы дасылалі Паўлу ў спэцкамэндатуру №7. Навідавоку былі адрасы цяперашніх васьмі палітвязьняў. Павал Севярынец заклікаў удзельнікаў прэзэнтацыі ліставацца з палітвязьнямі, падтрымліваць іх словам.

Паводле Севярынца, палітвязьні – гэты тыя, хто цягне крыж за Беларусь, а сёньняшняя беларуская глыбіня – глыбіня беларускіх “хіміяў”, зонаў, турмаў, дзе, нягледзячы ні на што, жыве воля, жыве свабода.

 

Palitviazni.info, fota − svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мечыслаў Яськевіч
  • Мікіта Емельянаў
  • Аляксандар Фядута