Павал Севярынец і Вольга Шылак – жаніх і нявеста

Былы палітвязень, адзін зь лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец заручыўся з Вольгай Шылак. У выходныя ён пабываў у бацькоў сваёй дзяўчыны ў мястэчку Нарач, яны далі згоду.

«Мы былі ў бацькоў Волі ў Нарачы, атрымалі бацькоўскае дабраславеньне, пярсьцёнак, і цяпер мы жаніх і нявеста. Як пазнаёміўся, як разьвіваліся адносіны — гэта асобная гісторыя. Лав-сторы абяцаная аднаму журналісту, і ён яе неўзабаве апублікуе. Распавядзе прыгожую гісторыю».

Карэспандэнт: «Вольга студэнтка ці працуе дзе?»

Севярынец: «Яна працуе выкладчыцай польскай мовы. Вольга скончыла філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Сама яна з Пастаўскага раёну, а нарадзілася наогул у Вільні. Бацькі працавалі тады ў Вільні, а потым доўгі час жылі ў вёсачцы Груздава Пастаўскага раёна. Ёй 22 гады, у студзені будзе 23. Яна вырасла там у вёсачцы. Зараз яны перабраліся ў Нарач, але ў іх у Груздаве дом. Мы пазнаёміліся дзякуючы БХД, была такая партыйная сустрэча».

Карэспандэнт: «А дзе будзе вясельле і калі?»

Севярынец: «Цяпер пачынаецца пост, таму ў бліжэйшыя паўтара месяца — не, але ўжо на пачатку наступнага года. Там у свой час усё будзе абвешчана. Пост заканчваецца з Раством праваслаўным, ну і ўжо тады, пасьля. Вольга каталічка.».

Карэспандэнт: «Дык вы будзеце ў праваслаўнай царкве?»

Севярынец: «Гэта будзе асобна, асобным чынам, інфармацыя будзе асобна».

Карэспандэнт: «А як бацькі паставіліся? Ты да сваіх бацькоў вазіў яе?»

Севярынец: «Канечне, мае бацькі былі вельмі радыя, бо яны даўно чакалі. Яны вельмі палюбілі Вольгу. А Волечкіны бацькі таксама прынялі вельмі добра».

Павал распавёў, што цяпер гэта асноўная падзея ў ягоным асабістым жыцьці. Ён таксама распавёў, што зьняў аднапакаёвую кватэру ў Менску. Заняты партыйнымі справамі, мае журналісцкія пляны, рыхтуе да выданьня кнігу «Беларуская глыбіня».

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вінцук Вячорка
  • Андрэй Кім
  • Юрый Хадыка
  • Алесь Пушкін