
Бацькі палітвязня Арцёма Пракапенкі наведалі сына ў калоніі. Яны дзве гадзіны размаўлялі з ім па тэлефоннай сувязі праз шкло.
Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага грамадскага актывіста Віялета Пракапенка:
– Як прыйшоў на спатканне, я яму адразу сказала: “Арцём, як ты пастарэў!”. У яго раней не было ніводнай зморшчынкі, а зараз іх шмат. Дрэнна выглядае. Адзін смутак бачыць, як чалавек загінаецца ў турме. Ехалі на спатканне і думалі ўгаварыць яго напісаць прашэнне аб памілаванні, бо без яго не вызваляць. Аднак ён катэгарычна адмовіўся.
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзела КДБ. Адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі.
racyja.com