Маці Мікалая Аўтуховіча: «Ня ведаюць, як яго ўгробіць, гэта дзяця»

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч на знак пратэсту ўскрыў сабе лязом жывот. Паводле зьвестак праваабаронцаў ўстановы «Плятформа», якія спасылаюцца на крыніцу ў гарадзенскай турме, гэта адбылося пасьля таго, як 4 верасьня на Мікалая Аўтуховіча наклалі спагнаньне нібыта за парушэньне парадку знаходжаньня ў камэры — што не паклаўся ў ложак пасьля адбою. Праваабаронцы ведаюць, што Аўтуховіча не вывозілі з турмы ў гарадзкі шпіталь і таму мяркуюць, што абышлося безь цяжкіх наступстваў для здароўя.

А як пачуваецца цяпер палітвязень? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да маці Мікалая Аўтуховіча, Лідзіі Юльянаўны. Аднак аказалася, што жанчына ня ведае пра цяперашняе здароўе сына, бо пасьля інцыдэнту не атрымлівала ад яго лістоў, таксама сын не званіў па тэлефоне. Лідзія Юльянаўна ведае пра учынак сына, але ня верыць, што Мікалай Аўтуховіч сапраўды парушыў у нечым парадак знаходжаньня ў камэры.

«Якія ў яго могуць быць парушэньні, калі ён сядзіць, з камэры нікуды не вылазіць? Ён ўсё робіць, каб не парушаць і хутчэй пайсьці дамоў. Гэта проста яму прыпісваюць тое, чаго не было. Ня ведаюць, як яго ўгробіць, гэта дзіця. І без таго сядзіць, ні ў чым не вінаваты. Самі ходзяць-забаўляюцца, езьдзяць па замежжы, а ён, гаротны, сядзіць ні за што. І зараз яшчэ падстаўляюць.»

У жніўні Мікалаю Аўтуховічу, паводле зьвестак Лідзіі Аўтуховіч з апошняга ліста сына, зрабілі здымак зубоў. Палітвязень пакутуе ад захворваньня зубоў, яму тэрмінова патрэбнае пратэзаваньне, але зрабіць гэта ва ўмовах турмы вельмі цяжка.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы за захоўваньне некалькі паляўнічых патронаў. Праваабаронцы ў Беларусі і сьвеце лічаць, што прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча пакаралі за змаганьне з мясцовымі карупцыянэрамі і дамагаюцца вызваленьня палітвязьня.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні