Мікалай Статкевіч: На ваўкоў трэба выпускаць ваўкадаваў, а не пудзеляў

Зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта па-ранейшаму ўгаворваюць «прыняць мужчынскае рашэнне» і падпісаць прашэнне аб памілаванні ды пагаршаюць умовы ў камеры.

«У камеры памянялі асвятленне – доўгія лямпы дзённага асвятлення замянілі двума плафонамі-каўпакамі з тоўстага шкла. У плафонах – лямпачкі невялікай яркасці, таму ўзровень асвятлення ў камеры ўпаў у 2–3 разы. Гэта замена была зробленая толькі ў адной камеры турэмнага рэжыму – у маёй», – піша палітвязень да сваёй жонкі.

Марына Адамовіч распавяла «Белсату», што днямі атрымала адразу пяць лістоў ад свайго мужа. «Перад гэтым была затрымка і лістоў не было. Можа, турэмны цэнзар быў у адпачынку?», – гаворыць спадарыня Марына.

Зняволены палітык піша, што турэмная адміністрацыя не спыняе спробаў пераканаць яго напісаць прашэнне аб памілаванні. «Падчас ранішняга абыходу адзін з начальнікаў аддзелаў ізноў, як і ў студзені, заявіў мне, што «хопіць гуляць у казакі-разбойнікі. Пара прымаць рашэнне», бо хопіць сядзець. Рэкамендаваў яму ведаць лепей свае абавязкі і месца. І не ўмешвацца ў вобласці, якія вышэй яго кампетэнцыі. Але гэты начальнік аддзелу ізноў заявіў, што «пара прымаць мужчынскае (?) рашэнне». Сказаў яму, што мужчынскае рашэнне я ўжо даўно прыняў. Вось такая дзіўная, незаконная і некарэктная прапанова. Дарэчы, свае словы я пераказваю ў скарочаным і згладжаным варыянце. Калі верыць ранейшаму вопыту такіх «прапаноў», то цяпер варта чакаць спагнання ці яшчэ чаго. Адно здзіўляе – няўжо людзі не разумеюць, што ніякіх пакаянных заяваў яны ад мяне не дачакаюцца», – піша палітвязень.

Мікалай Статкевіч каментуе і апошнія палітычныя навіны. Ён піша, што цешыцца з таго, што апазіцыя пачынае рыхтавацца да наступных прэзідэнцкіх выбараў. «Радуюць весткі, што некаторыя палітыкі ізноў пачалі адмаўляцца ад «байкоту» на карысць удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі і нават хочуць быць «адзіным». Праўда, тут нельга ігнараваць патрабаванні, што вылучае да яго наша сітуацыя. Да прыкладу, аднымі з самых разумных сабак лічацца пудзелі. Сярод іх бываюць і смелыя (у пэўных межах, безумоўна). Як Артамон з «Прыгодаў Бураціна». Але ж на ваўкоў трэба выпускаць ваўкадаваў, а не пудзеляў», – зазначае апошні кандыдат на прэзідэнта, якога ўтрымліваюць у зняволенні.

Палітык таксама просіць «перадаць прывітанне артылерыстам», якія феерверкам ля турэмных сценаў павіншавалі яго з Днём народзінаў.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Рымашэўскі
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Цімох Дранчук
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў