
Гомельскі гарвыканкам разгледзеў заяву Юрыя Варонежцава, Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага на правядзенне вулічнага шэсця і не даў на масавае мерапрыемства дазволу. Нагадаем, у Гомелі 4 жніўня планавалася правядзенне вулічнага шэсця з мэтай выказвання пратэсту супраць крымінальнага пераследу праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых палітычных зняволеных.
Цікава, што гарвыканкам нават рашэння не прымаў па дадзеным пытанні, як таго патрабуе заканадаўства, а даслаў заяўнікам паведамленне «Аб разглядзе заявы на масавае мерапрыемства».
Там гаворыцца, што «ўзгадніць масавае мерапрыемства не ўяўляецца магчымым, таму што заяўленае месца правядзення вулічнага шэсця (пешаходная частка вуліцы Савецкая) не адпавядае патрабаванням закона «Аб масавых мерапрыемствах». Намеснік старшыні гарвыканкама Аксана Рудзянок патлумачыла ў лісце, што па маршруце шэсця размешчаны на адлегласці менш за 50 мэтраў падземны пешаходны пераход, а таксама будынкі выканаўчых органаў.
Чыноўніца дадала, што заяўнікі не выканалі патрабаванне рашэння гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах» і не заключылі платных дамоваў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнымі службамі. Але, як паказвае практыка, такія дамовы заключыць немагчыма — бо ні «хуткая», ні «міліцыя» не заключаюць дамоваў, пакуль няма дазволу гарвыканкама.
«Мы першы раз замовілі не пікеты, а менавіта шэсце, якое, як зразумела, на пляцоўцы каля ДК таварыства глухіх „Віпра“ (адзіная пляцоўка ў горадзе для масавых мерапрыемстваў) не правядзеш. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што чыноўнікі нават рашэння не прымалі, а абмежаваліся фармальнай адпіскай.
Улада па-ранейшаму адважна бярэ на сябе адказнасць за парушэнне канстытуцыйных правоў сваіх грамадзян.
Будзем абскарджваць тую паперку ў судзе», — пракаментаваў Леанід Судаленка.
radyjo.net