Павал Вінаградаў: Прафесійны рэвалюцыянер (фота)

Мы трапілі ў госці да чалавека, які ў свае 25 гадоў мае чатырнаццаць адміністратыўных арыштаў і дзве крымінальныя справы.

Паша Вінаградаў з жонкай Святланай жыве ў аднапакаёвай здымнай кватэры. На падлозе размясціўся «ложак» з коўдраў, засланы вялікай плюшавай скурай мядзведзя, на якім мы і ўладкаваліся. Павал — карэнны мінчук, жыў у дзяцінстве ў раёне Паўднёвы Захад, і з тых часоў арэал пасялення не асабліва змяніўся, як жартуе сам Павал: «Тут у мяне і міліцыя родная».

«Наша Ніва»: Павал, ты з дзяцінства меў «адносіны» з міліцыяй?

Павал Вінаградаў: Ды не, гэта ўжо ў больш сталым узросце пачалося, і ўвогуле мяне ніколі не затрымлівалі за бойку ці п’янку, усе мае затрыманні маюць палітычны кантэкст. Так выйшла.

«НН»: А якім тады было тваё дзяцінства?

ПВ: У дзяцінстве любіў гуляць у прыстаўку, тусавацца з пацанамі на лецішчы, дзе пілі таннае вінішка і півандрый. Куды глядзелі бацькі, я не ведаю, таму ў мяне было сапраўднае дзяцінства. Пілі, біліся трошкі, ламалі нейкія платы — звычайнае пацанскае дзяцінства.

«НН»: Як вядома, твае бацькі глядзелі ў бок фігурнага катання і музычнай школы, куды цябе ў выніку і аддалі.

ПВ: Было такое. Матуля запіхнула мяне ў музычную школу. Пэўна, хацела зрабіць з мяне чалавека, каб я стаў кімсьці, а, магчыма, таму, што бацькі калісьці прымушалі яе хадзіць туды ж.

«НН»: Чаму бацькі вучылі ў дзяцінстве?

ПВ: Гаварыць праўду, у чым я цяпер заўважаю сакральны сэнс.

«НН»: Дзе твае бацькі цяпер, і як увогуле яны ставяцца да тваёй апазіцыйнай дзейнасці?

ПВ: Матуля ў Палерма. Займаецца там прыгажосцю. Ну як прыгажосцю, запампоўвае ботэкс у вусны і робіць лёгкія касметычныя аперацыі. Ставіцца да маіх адсідак ужо станоўча. Спачатку, канечне, была негатыўна настроеная, а потым, калі пабачыла, што адгаворваць бессэнсоўна, што я стаў «мегавядомай» асобай, дык прыняла ўсё. Бачыць нейкі вынік. Дае мне парады ў некаторых момантах. А тата, скажам так, прадпрымальнік. У Беразіне цяпер. Таксама мяне цалкам падтрымлівае. Ехаў на Плошчу-2010, ды не даехаў, бо яго мянты на пад’ездзе ў горад спынілі.

«НН»: Вядомая гісторыя, што твая бабуля выганяла цябе з дому за бел-чырвона-белы сцяг. Як ты дакаціўся да такога?

ПВ: Было ўсё так: 2006 год, выбары, я павесіў на фіранкі бчб-сцяг, які нават з вуліцы не было відаць, але бабуля сказала, каб я яго зняў ці пераязджаў жыць у іншае месца. А я і сам збіраўся, таму з лёгкасцю прыняў такую долю і з дому сышоў. Спачатку мы з сябрам знялі пакой, а пасля я пачаў жыць на офісе «Грамадзянскай Кампаніі За Свабоду».

«НН»: Як цяпер бабуля і дзядуля ставяцца да тваёй актыўнасці?

ПВ: Бабуля — крайне негатыўна. Я дагэтуль не магу ёй растлумачыць, што я не мацюкаюся ў тыя моманты, калі мяне затрымліваюць і складаюць пратаколы. А дзед з цягам часу пачаў падтрымліваць апазіцыю, праўда, адбылося гэта пасля таго, як адмянілі льготы.

«НН»: Пасля 9 класа ты сышоў са школы і паступіў у каледж на цырульніка. Ці падабаецца гэтая прафесія?

ПВ: Проста стрыгчы мне падабаецца, а вось працаваць цырульнікам — не. Не люблю рабіць простыя стрыжкі, мне хочацца з творчасцю да гэтага падыходзіць. Ну і стрыгу я толькі журналістаў і палітычных актывістаў. Калі хочаце, я магу пастрыгчы, звяртайцеся!

Праз пару хвілін наш фатограф Гудзілін ужо сядзеў ў Пашы на кухні ў чаканні стрыжкі.

У працэсе Павал расказаў аб працоўных залётах, калі аднойчы пераблытаў насадкі і пастрыг чалавека пад нуль: «Але мне пашчасціла, што ён быў п’яны і яму было пофіг».

ПВ: На другім курсе я ўжо зразумеў, што цырульнікам не буду, але давучыўся, адпрацаваў свае пару месяцаў і потым вырашыў, што мне гэта не трэба. Бо, па-першае, — гэта жаночы калектыў, які мяне добра напружваў. Па-другое — тады ў дзяржаўных салонах маладыя цырульнікі атрымлівалі 70 даляраў.

«НН»: Як склаўся лёс пасля каледжа?

ПВ: Спачатку працаваў па прафесіі, а потым не помню, дзе браў грошы. У 2006 годзе ўсё было так рамантычна. Такое падполле, супрацьстаянне, а я такі круты партызан. Цяпер я разумею, што гэта было далёка не так. Рабіў я ўсё нават несвядома, без веры ў ідэі, а проста таму, што было прыкольна. Усведамленне пачалося значна пазней. Таксама быў момант, калі я працаваў стыкероўшчыкам на складзе, зваршчыкам і слесарам.

«НН»: А цяпер ты дзе-небудзь працуеш?

ПВ: Мая працоўная кніжка ляжыць у дзярждэпе ЗША і польскай разведцы. (Жартуе і смяецца.)

«НН»: Хапае на жыццё?

ПВ: Не, таму прыходзіцца даставаць грошы з іншых месцаў.

«НН»: У свой час вы разам з жонкай былі ў адной камандзе ў ” Еўрапейскай Беларусі». Вы прыклад той сям’і, якая разам і на «барыкадах стаіць»?

ПВ: Мы разам на вялікія мітынгі ходзім, а на акцыі я яе не бяру. Яна аднойчы таксама «мацюкалася» і на 15 сутак трапіла ў 2008.

«НН»: А чым яна займаецца?

ПВ: Працуе ў IT-сферы, яна тэсціроўшчык праграмнага забеспячэння. Працуе ў прыватнай кампаніі, усе ведаюць, у тым ліку кіраўнікі, хто яна і хто я. Чытаюць навіны і цікавяцца ў яе што да чаго.

«НН»: Скажы, калі ласка, навошта на Плошчу-2010 ты ішоў з малатком? Загадзя планаваў ужыць яго?

ПВ: Ну я ішоў будаваць новую Беларусь. А каб будаваць, патрэбны інструмент.

«НН»: Тады парай, што з сабой варта браць і як трэба быць падрыхтаваным да Плошчы.

ПВ: 1) Шчыток пад куртку, на левую ці правую руку, каб адбіваць дубінку. Калі ёсць магчымасць, то шчыткі на ногі, бо часта б’юць па нагах. 2) Калі зіма, то трэба вельмі цёпла апрануцца. 3) З сабой трэба ўзяць шакалад, туалетную паперу, фанарык, пустыя бутэлькі, каб пасікаць туды, у крайнім выпадку. 4) Лекі: бінты, антыбіётыкі, аспірын, актываваны вугаль. 5) Шалік ці лыжную маску, каб твар прыкрыць. Ні ў якім разе нельга з сабой браць нож ці кастэт. Нельга нікога біць. Абавязкова туды трэба ісці цвярозым, інакш не ідзі ўвогуле.

«НН»: З такой вялікай колькасцю затрыманняў і арыштаў у Маскоўскім РУУСе цябе, пэўна, усе ведаюць?

ПВ: У пастарунку я самая папулярная персона, там мяне ведаюць усе. Палова РУУСа прыходзіць, каб павітацца са мной. Мы там ужо як браты. Іх я бачу нашмат часцей, чым свайго бацьку, а тым больш матулю. Пытаюцца, што чуваць. Яны ж бачаць, што я чалавек нармальны. І сярод іх ёсць людзі нармальныя, якія там проста працуюць і мяне не чапаюць. Але вось шманаюць мяне вельмі моцна. Заўсёды чакаюць, што я ці тэлефон прынясу, ці дыктафон і запішу іх.

«НН»: А як бавіш час на Акрэсціна?

ПВ: Размаўляю з сукамернікамі, чытаю, сплю і хаджу туды-сюды. Там добрая атмасфера для разваг. Калі табе трэба падумаць, то гэта, пэўна, найлепшае месца.

«НН»: Ты можа знайшоў ужо станоўчае ў гэтым усім?

ПВ: Канечне. 1) Калі цябе на свабодзе ўсё задалбала і надакучыла, то можна проста «закрыцца». 2) Там я ўвогуле не ем, то гэта яшчэ і пахуданне. 3) Галава і думкі становяцца больш чыстымі. 4) Ніякага спакушэння ні да алкаголю, ні да чагосьці іншага. Сур’ёзна, там не так дрэнна.

«НН»: Варта там пабываць?

ПВ: Ну, прынамсі, першыя два разы вельмі карысна. Тады пачынаеш разумець, што ПРОСТА ісці па вуліцы ўжо вялікая каштоўнасць. Там ты пачынаеш разумець, хто ты, бо чалавек праяўляе сябе зусім па-іншаму ў такіх сітуацыях. Там ты бачыш часам жорсткі, часам вар’яцкі свет.

«НН»: Павал, кім бы ты хацеў быць, каб у цябе не было палітычнага жыцця?

ПВ: Якраз-такі я і хацеў бы быць прафесійным рэвалюцыянерам, толькі каб за гэта плацілі шмат грошай. Быць прафесійным рэвалюцыянерам даволі цікава.

«НН»: Ты лічыш сябе рэвалюцыянерам?

ПВ: Так, я прафесійны рэвалюцыянер. Гэта перакананні і прафесія.

Павал не згубіў пачуццё гумару нават на лаве падсудных.

Паўла сустракаюць з турмы з тортам.

Гутарыла Вольга Гарапучык

nn.by

Іншыя палітычныя вязьні