Палітвязень Аўтуховіч атрымаў чарговую вымову

Пра спагнанне Мікалай Аўтуховіч даведаўся выпадкова праз тры месяцы пасля яго вынясення.

Па звестках, якія атрымалі праваабаронцы, палітвязень яшчэ ў кастрычніку мінулага года атрымаў вымову нібыта за тое, што не рэагаваў на заўвагі кантралёра. Сам Мікалай Аўтуховіч сцвярджае, што яму ніхто заўваг не рабіў, паведамляе ПЦ «Вясна».

Пра гэтае спагнанне палітвязень даведаўся толькі ў студзені, калі яго камеру наведаў пракурор Гродзенскай вобласці. Паколькі неінфармаванне вязня аб спагнанні з’яўляецца парушэннем дзеючага заканадаўства, Аўтуховіч абскардзіў гэтае рашэнне, аднак безвынікова.

Толькі дзякуючы свайму моцнаму характару, Мікалай Аўтуховіч трымаецца мужна і годна, хоць умовы яго ўтрымання ў турме № 1 Гродна вельмі цяжкія: маленькая камера, дзе нават некалькі крокаў зрабіць праблематычна, адсутнасць элементарнага медыцынскага абслугоўвання, сціплае харчаванне.

Палітвязня таксама турбуе, што да яго не даходзяць многія лісты, асабліва калі ў канверт укладваюцца нейкія раздрукоўкі артыкулаў з СМІ. Такога не адбываецца, калі нейкія навіны перапісаныя на паперы ад рукі.

Іншыя палітычныя вязьні