
Наталля Пінчук, жонка палітзняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, сустрэлася са сваім мужам у Бабруйскай калоніі №2. Сустрэча працягвалася каля 2-х гадзінаў.
Як распавяла Наталля Пінчук, у спатканні прымала ўдзел і сястра Бяляцкага Вольга:
– Шмат пра што гаварылі, у асноўным пра асабістыя справы. Пыталіся, як ён сябе адчувае, сказаў, што ў яго са здароўем усё нармальна, настрой таксама нармальны. Гэта чарговае кароткатэрміновае спатканне, папярэдняе кароткатэрміновае спатканне было адменена, яно павінна было адбыцца ў жніўні, а зараз надыйшла чарга, паспелі рэалізаваць магчымасць. Ён павіншаваў з надыходзячымі святамі, сказаў, што яму таксама прыходзіць шмат віншаванняў са святамі.
Па словах Наталлі Пінчук, на палітычныя і праваабарончыя тэмы яны стараліся не размаўляць, бо сустрэчу маглі перапыніць. Падчас размовы, якая вялася праз тэлефон і шкло, прысутнічалі супрацоўнікі адміністрацыі калоніі.
Бяляцкі асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў нібыта за ўтойванне прыбыткаў ад падаткаабкладання. Аднак ён не прызнаў сваёй віны, бо сродкі накіроўваліся на праваабарончую дзейнасць, падтрымку пацярпелых ад рэпрэсіяў і не належылі праваабаронцу.
racyja.eu