Павел Севярынец: Плошча-2010 – вялікі ўрок для ўсіх нас

2 гады таму 19 снежня пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў сілавым метадам была разагнаная мірная пратэстная акцыя на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У турмах і ў папраўчых установах да гэтага часу ўтрымліваюцца 12 палітвязняў.Падзеі пасля Плошчы-2010 сустаршыня партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, палітвязень Павел Севярынец лічыць урокам для беларускага грамадства.

Павел Севярынец: Адбылося шмат падзеяў, якія пасля будуць згаданыя, будуць і судовыя працэсы – і палітвязні, і тэракт, і судзілішча, і маўклівыя акцыі, і эканамічны крызіс, і Мытны звяз, і, напэўна, перамога “Новага жыцця”. Гэта вялікі ўрок для ўсіх нас. Урок, бо толькі зборам на плошчу вырашыць сітуацыю ў Беларусі не ўдалося. Урок, бо беларускі народ за гэтыя два гады проста адслаіўся ад улады, і аказаўся здольным правесці ўсенародны байкот так званых парламенцкіх выбараў. Гэта ўрок, бо перамогі сапраўды зараз дасягаюцца не так, як яны дасягаліся ў канцы 90-х, а нават на пачатку 2000-х гадоў. Усё больш і больш відавочных сведчанняў, што без духовага навяртання перамогі не будзе. Спробы папрацаваць другасна, па нейкіх замежных ці суседскіх “лякалах”, не даюць плёну, у Беларусі вельмі асаблівая сітуацыя. Гэта вельмі сур’ёзны час для асэнсавання.

РР: Цяпер вы паўтарылі б свой учынак, выйшлі б на Плошчу?

Павел Севярынец: Цяпер я б зрабіў усё, каб Плошча пачалася з малітваў, была ўпэўненай, спакойнай, была больш еднай сама ў сабе. На Плошчу безумоўна выйшаў бы, нават размоў няма, бо мы запрашалі людзей на Плошчу. Іншая справа, і гэта мая асабістая віна, і хрысціянскіх дэмакратаў, і нас як апазіцыі, што мы проста прыйшлі, мы неслі адказнасць за тое, што там будзе. У першую чаргу мы неслі духоўную адказнасць, я лічу, што пачынаць трэба было з малітвы, з духоўных гімнаў, трэба было рабіць акцэнт на тое, каб стаяць, каб заклікаць людзей прыйсці, а не спрабаваць вырашыць усё похапам, сумятнёй, без нейкага адзіна сцэнара.

РР: Калі на ваш погляд наступіць пераломны момант у палітычным і эканамічным жыцці Беларусі, ці нас чакае лёс Паўночнай Карэі?

Павел Севярынец: Пераломны момант надыдзе тады, калі беларусы павераць Богу, давераць сваё жыццё Богу, я больш чым перакананы, што менавіта ў гэты момант і адбудуцца перамены. Да гэтага мы будзем торгацца, як “сляпыя кацяняты”, у нейкія ідэі, у нейкіх лідараў. Лідар у беларусаў ужо тысячу год адзін – гэта Ісус Хрыстос, калі пойдзем за ім, то прыйдзем да вольнай Беларусі. Калі за ім не пойдзем – гэта будзе правал, вечнае блуканне і можа скончыцца кепска.

РР: Ці будзе некалі ў гісторыі напісана пра Плошчу-2010?

Павел Севярынец: Канешне, будзе напісана, бо яна вызначыла агульнабеларускую сітуацыю на гады наперад, магчыма пра яе будзе напісана нават больш, чым пра Плошчу 2006 года. Зрэшты гісторыя працягваецца, Плошча-2006 ці Плошча-2010 – гэта толькі крокі ў дарозе Беларусі да волі.

Павел Севярынец за ўдзел у акцыі пратэсту быў асуджаны на 3 гады “хіміі” з адбываннем пакарання ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Бяляцкі
  • Славамір Адамовіч
  • Павал Вінаградаў
  • Арцём Дубскі
  • Антон Койпіш