Ігар Аліневіч: Дзякую, што верыце ў мяне

Палітвязень даслаў ліст сваёй маці.Пра гэта сайту charter97.org распавяла Валянціна Аліневіч, маці палітычнага вязня. Так, Ігар Аліневіч піша, што пазбаўленне яго харчовай перадачы пайшло яму на карысць.

«Як казаў Стыў Джобс, заставайцеся галоднымі, заставайцеся вар’ятамі. Сто адсоткаў праўды. Цяпер спакус проста няма. Дзякуй, што верыце ў мяне. Да мяне даходзяць чуткі пра тое, што адбываецца, я рэгулярна чытаю прэсу», – цытуе ліст Валянціна Аліневіч.

Далей палітвязень тлумачыць, чаму ён цвёрда стаіць на сваім:

«Я стаю на сваім зусім не зыходзячы з нейкіх грамадскіх меркаванняў. Ілюзіяй нейкай міфічнай значнасці сябе я таксама не цешу. Проста ёсць каштоўнасці, якія з’яўляюцца самамэтай. І сутыкаючыся з імі ў жыццёвых сітуацыях, па-іншаму проста не можаш. Самавыяўленне – вельмі матэрыяльная штука, лепш з ім не гуляць у ганебныя гульні».

«Наконт сябе ён піша зазвычай вельмі мала, – кажа маці палітвязня. Аб чым пісаць яму нельга. На вайне як на вайне – нельга лішняга казаць, нельга лішняму радавацца, таму што адразу гэтага пазбавяць. Нічога канкрэтнага таму Ігар не піша».

Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскога раёна Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» і нападзе на расейскую амбасаду.

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Павал Шарамет
  • Аляксандар Казулін
  • Алег Сурган
  • Аляксандар Шалайка