Няма палітычнага рашэньня, што рабіць з Пачобутам

Уладам не патрэбны гучны палітычны працэс, але разам з тым адмовіцца ад крымінальнага перасьледу яны ня хочуць.Сьледзтва па справе журналіста Андрэя Пачобута прыпыняецца для правядзеньня чарговай лінгвістычнай экспэртызы.

29 лістапада гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута выклікалі ў сьледчы камітэт. Там журналіст даведаўся аб тым, што прызначаная яшчэ адна лінгвістычная экспэртыза ягоных артыкулаў, праводзіць яе будзе Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы.

Варта нагадаць, што ўжо раней тры дзяржаўныя ўстановы: Акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце праводзілі свае экспэртызы тэкстаў, — кажа сам зацікаўлены, журналіст Андрэй Пачобут.

А. Пачобут: Мяне ўчора выклікалі ў сьледчы камітэт і паінфармавалі аб тым, што прызначаная дадатковая экспэртыза. І я, і мой адвакат пытаўся: якая патрэба ў гэтай экспэртызе? Сьледчы адказу ня даў. Я думаю, што ўлады зацягваюць сьледзтва па маёй справе. Сёньня відавочна, што ім не патрэбны такі гучны палітычны працэс, але разам з тым адмовіцца ад крымінальнага перасьледу яны ня хочуць. І таму зацягваюць справу, каб з аднаго боку выглядала, што вядуцца нейкія сьледчыя дзеяньні, а з другога боку, каб стварыць бачнасьць гэтага.

З такім „дыягназам” пагаджаецца праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Як кажа юрыст, гэты працэс даўно мог бы скончыцца.

В. Стэфановіч: Як мне падаецца, гэта робіцца таму, што няма палітычнага рашэньня адносна таго, што рабіць з Пачобутам і ягонай справаю. Па-мойму, гэта адізная прычына, таму што было дастаткова часу для экспэртызаў. Мне падаецца, што сьледзтва за гэты час даўно магло б скончыцца, бо такая катэгорыя справаў не разглядаецца доўгі час. Там няма патрэбы ў апытаньні вялікай колькасьці сьведкаў, у правядзеньні вялікай колькасьці сьледчых дзеяньняў, экспэрымэнтаў, вочных ставак і г.д.

Мы, як праваабаронцы, выступалі і выступаем за адмену і вывядзеньне з Крымінальнага кодэксу гэтых спэцыфічных артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасьць за зьнявагу вышэйшых службовых асобаў. Яны ў нас вылучаныя ў асобную катэгорыю, гэта ня проста грамадзяне, а вышэйшыя службовыя асобы. Абраза прэзыдэнта, паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта, абраза вышэйшай службовай асобы, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь — гэтыя чатыры артыкулы крымінальнага заканадаўства вельмі часта выкарыстоўваюцца супраць незалежных журналістаў і супраць грамадзянскай супольнасьці.

Апроч таго сам Пачобут раней прыцягваўся да адказнасьці і сытуацыя ўскладаняецца тым, што ён ужо быў асуджаны па такім артыкуле. І цяпер, калі справа дойдзе да суду, то яму пагражае пазбаўленьне волі. Я спадзяюся, што беларускім уладам хопіць розуму не рабіць яшчэ аднаго вязьня сумленьня ў краіне і спыніць гэтую справу.

Нагадаем, паводле сьледзтва, у шэрагу публікацый Андрэя Пачобута, падрыхтаваных журналістам і распаўсюджаных ў інтэрнэце, «утрымліваліся паклёпніцкія выказваньні на адрас кіраўніка дзяржавы». Пачобут быў затрыманы 21 чэрвеня 2012 г. у сваёй гарадзенскай кватэры. Пасьля вобшуку яго завезьлі ў пракуратуру, а потым зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. 30 чэрвеня журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе (дзейсную да сёньня).

Палітык, як публічная асоба, павінен быць падрыхтаваны да крытыкі, а калі нехта адчуе сябе пакрыўджаным, то павінен сам падаць позву ў суд, лічыць Андрэй Пачобут.

А. Пачобут: Калі ёсьць паклёп, то за яго трэба адказваць, неістотна, хто пакрыўджаны. Але палітык павінен быць падрыхтаваны да таго, што яго будуць крытыкаваць значна больш, чым прыватную асобу, бо ён — публічная асоба, бо ён прымае рашэньні, якія датычаць людзей. Я ня бачу ў Беларусі сытуацыя іншая. У Беларусі ўведзеная жорсткая адказнасьць за паклёп на прэзыдэнта. Нармальнага суду няма. Мой першы працэс быў закрыты. Ніводнага сьведкі, якога я прапанаваў, ня выклікалі, не была праведзеная незалежная экспэртыза. Гэта цэлы шэраг дзеяньняў, якія цалкам перакрэсьліваюць якасьць гэтага працэсу. Цяпер сьледзтва вядзецца ў тым жа рэчышчы. Толькі залежныя ад дзяржавы экспэрты, якіx выбрала КГБ, і яны напісалі, што там ёсьць злачынства, ёсьць паклёп, ёсьць зьнявага і ёсьць дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Летась Пачобута ўжо судзілі за «паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта». Тады суд Ленінскага раёну Горадні прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Цяпер журналісту пагражае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня або пазбаўленьня волі да пяці гадоў.

radyjo.net

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Бандарэнка
  • Аляксандар Баразенка
  • Аляксандар Казакоў
  • Зьміцер Дрозд
  • Павал Вінаградаў