Лісты падтрымкі Алесю Бяляцкаму – з усяго свету

Большасць вольнага часу ў праваабаронцы сыходзіць на працу.«Цяпер мы не вельмі часта атрымліваем ад Алеся Бяляцкага лісты, у яго не хапае часу ўсім адказваць. Таму я вельмі цешуся, калі мне даходзіць ад яго ліст», – распавяла сайту charter97.org праваабаронца Наста Лойка.

Паводле яе слоў, з-за працы Алесь Бяляцкі не паспявае ўсім адказаць на віншаванні:

«Ён піша, што ў яго ўсё як і раней, ніякіх радыкальных змен няма. Але яму моцна не хапае часу з-за таго, што яго ў 50 гадоў прымушаюць працаваць па восем гадзін у дзень. Алесь ледзь паспявае вырашаць свае бытавыя праблемы, нешта чытаць і адказваць на лісты з усяго свету. Ён хацеў бы адказаць усім, таму што яго вельмі многія павіншавалі з днём нараджэння».

Старшыня «Вясны» жартуе, што ў калоніі хопіць месца на ўсіх. «Піша, што па амністыі скарацілася вялікая колькасць людзей у атрадзе, зараз там каля 100 чалавек. Ён жартуе, што нават верхнія «шконкі» ў некаторых секцыях пустыя, калі што – хопіць на ўсіх», – адзначыла Наста Лойка.

Алесь Бяляцкі не шкадуе аб тым, што не з’ехаў за мяжу, калі даведаўся, што яго могуць пасадзіць у турму, распавяла праваабаронца:

«Кажа, што на роднай зямлі ўсё-такі лепш, чым за мяжой. Мы ўсе ведаем, што перад тым, як Алесь быў арыштаваны, у праваабаронцаў ужо была інфармацыя, што на Алеся Бяляцкага выдалі дадзеныя з замежных банкаў. І ён цалкам разумеючы, што яго можа чакаць тут, прынцыпова вырашыў не выязджаць з краіны. Ён вяртаецца да гэтай тэмы, піша, што ён зусім не шкадуе аб сваім выбары. Кажа, што ўсё ж вакол свае людзі».

Вядомы беларускі праваабаронца ўважліва сочыць за падзеямі ў беларускай культуры, кажа Наста Лойка:

«Распавядае і пра кнігі, якія чытае. Раіць, што пачытаць, дадае рэцэнзіі. Кажа, што вельмі хацеў бы паглядзець фільм па Васілю Быкаву «У тумане», які перамог на фестывалі «Лістапад». Такім чынам ён спрабуе не выпадаць у першую чаргу з культурнага жыцця. Мне здаецца, гэта надае яму сіл».

Нагадаем, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым нібыта ў «нявыплаце падаткаў». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на яго рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча. Краіны Еўразвяза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму – палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад улад Беларусі неадкладна вызваліць і рэабілітаваць праваабаронцу.

Іншыя палітычныя вязьні