Галіна Сіўчык: “Мае дзеці – не ахвяры, яны – змагары за Беларусь”

Гутарка з маці палітвязьняў Вячаслава Сіўчыка і Кастуся Лукашова.

— Галіна Васільеўна, вы чалавек унікальны — маці ажно двух палітычных вязьняў. Як жывецца маме двух сыноў, якія прайшлі рэпрэсіі? Удвая цяжэй?

— Ведаеце, калі ў 1996 годзе Славу затрымалі, у мяне быў шок. На жаль,  зараз такія затрыманні сталі амаль што звычайнай з’явай у нашым грамадстве. Мне здаецца, што ўжо нават непрыстойна, калі патрыятычна арыентаваны чалавек не сядзеў ні разу. На жаль, людзі, якія любяць сваю Радзіму, праходзяць праз такія выпрабаванні.

Канечне, цяжка… Самае цяжкае ў гэтай сітуацыі – гэта твая бездапаможнасьць. Як бы там ні было, які б узрост не быў у сына… Славе на момант арышту было 33 гады, падаецца, дарослы чалавек ужо, два сыны мае, самастойны… Але ж у мяне было такое адчуванне віны перад ім, што нічога не магу зрабіць! Хоць на той час, калі параўноўваць нават з часам, калі Косьцю пасадзілі – з 2006-2007 гадамі, і асабліва калі параўноўваць з сённяшнім часам, тады ў нас быў… ну не тое што разгул дэмакратыі, але ўсё-ткі былі нейкія магчымасьці некуды зьвяртацца. Прынамсі, мы нічога не маглі зрабіць, але ж у мяне было адчуванне, што я раблю ўсё для яго. Быў тады Вярхоўны Савет, я туды пайшла да Людмілы Гразновай. Дэпутаты зьбіралі подпісы за Вячаслава і Юрася Хадыку. Быў Генадзь Карпенка, які вельмі цёпла ставіўся і да Славы, і да мяне. Калі бачыў мяне, адразу пытаўся, якая дапамога патрэбна. Валер Костка, памочнік Карпенкі, таксама.

Праўда, таксама былі дзіўныя і — ну проста сюрэалістычныя эпізоды. Вось, напрыклад, затрымалі Ганну, жонку Вячаслава, а ў яе сямімесячны сыночак, яна яшчэ была кармячай маці. З сыночкам сядзела мая мама, за 80 гадоў ёй было. Я прыбегла да Косткі і кажу: “Валер, што рабіць? Ганну затрымалі”. Ён патэлефанаваў у суд. Уяўляеце: у судзе пайшлі насустрач! Не тое што адразу вызвалілі, бо малое дзіця — яе судзілі без чаргі.

Па сённяшніх часах здаецца, што гэткія гуманісты і вельмі чалавечныя людзі ў нас былі. Але ж калі я аглядаюся на гэтыя гады — прававое поле, у якім мы жывем, ужо настолькі  скукожылася, нават не як шагрэневая скура, яно скукожылася, напэўна, да памераў шкарлупы перапялінага яйка. Таму што атрымліваецца так, што мы не можам нідзе дабіцца справядлівасьці. У нас няма пракуратуры, у нас вядома якія суды… Калі раней суды рабілі выгляд, што яны разьбіраюцца, то зараз яны ўжо дзейнічаюць абсалютна нахабна. Яны не дазваляюць браць сьведкаў з боку пацярпелых, ім гэта не трэба, бо ім дастаткова таго, што гаворыць амапавец, ці сьпецназавец, ці проста міліцыянт. Прычым і суддзі, і тыя, хто знаходзіцца ў залі суда, разумеюць, што гэта хлусня, і вось гэта мяне страшна палохае. Палохае, што зараз сядзяць дзеці зноў на Акрэсьціна, і Слава сядзеў за так званую лаянку матам, і неяк грамадства на гэта глядзіць… Ну, падумаеш, 15 сутак, падумаеш, 10 сутак! Можа, яшчэ і страшней вось гэта мана, з гэтага пачынаецца – з маленькай маны, хаця яна, па сутнасьці, не маленькая…

— Вы моліцеся каля Чырвонага касьцёлу за вызваленне палітвязняў. Як гэта пачалося і як да вас ставяцца людзі, якія вакол вас?

— Я вось пачала гаварыць, што ў нас няма ні пракуратуры, ні суда, які абсалютна бездапаможны, дзе ніхто не ўспрымае доказы адваката. І, дарэчы, таму ў нас і засталося адно спадзяванне на Бога. Больш ні да кога мы не можам зьвяртацца. Вось такая сітуацыя: мы можам толькі маліцца Госпаду Богу.

Я нават не скажу, што гэтыя малітвы арганізавала я ці нехта яшчэ  – гэта атрымалася амаль што спантанна. Пасля 19 сьнежня 2010 году людзі сталі падыходзіць да касьцёла ў розны час, запальваць зьнічкі, класьці кветкі, бо менавіта на гэтым месцы было месіва і жахлівае пабоішча.  І неяк потым утварылася група людзей, і мы ўжо сталі дамаўляцца, што зьбіраемся а восьмай гадзіне, калі 19-га скончыліся выбары, калі былі такія ўсе шчасьлівыя, што столькі людзей вышла… І вось у гэтую гадзіну мы пачынаем маліцца.

Спачатку месяцы чатыры, а можа, і пяць нас штодня здымалі сьпецслужбы. Нават па некалькі камер было. Я дзіўлюся, колькі грошай у нашай дзяржавы, што да нас адпраўляюць супрацоўнікаў з камерамі. Ну што там здымаць? Малітву, прычым некалькі месяцаў, адно і тое ж, нічога там новага. Ну, можа там зьмяняюцца трошкі людзі, але не настолькі моцна. Потым камеры зьніклі, але, можа, там ужо стаіць якая камера стацыянарная (з горкай ўсьмешкай), я не ведаю, у нас усяго можна чакаць. Але зараз яны ўжо сталі прыходзіць толькі 16-га і 19-га здымаць нас. Гэта дзьве такія для іх “небясьпечныя” даты. 16-га – дзень салідарнасьці па Красоўскаму, Ганчару і ўсіх зьніклых, а 19-га – дзень разгона апошняй Плошчы.

Дарэчы, гэта быў дзень майго нараджэння. Гэта другі дзень, які мне так сапсавала ўлада. Першы раз — калі мне споўнілася 65 год, арыштавалі Косьціка.

Я не была асабіста на акцыі 19т сьнежня. Туды пайшлі ўсе мае госьці, а мне сказалі: “Ну як ты пойдзеш, у цябе ж сёння дзень народзінаў! Ты нас чакай!” І я, канечне, рыхтавала сьвяточны стол, чакала, што яны прыйдуць да мяне. Я стаяла ля вакна, глядзела на гэтых шчасьлівых людзей; я гаварыла: “Божа! Дзякуй табе!” Я была такая шчасьлівая, гэта быў такі падарунак! Але ж потым, але ж потым!.. Гэта немагчыма… (плача)

— Чакалі гасьцей — і вы ўбачылі, як людзей б’юць?

— Так, я ўбачыла… Мала таго, гэта быў не разгон – гэта было нешта жахлівае. Бралі людзей у карэ — і проста дубасілі. Вось калі наша БТ параўноўвае гэты разгон з разгонамі ў Парыжы, дзе марадзёрствуюць, ці ў Лондане, дзе б’юць вітрыны, з гэтымі мірнымі шчасьлівымі людзьмі, якія ішлі — я скажу, што гэта не проста некарэктна – гэта цынічна і подла было. Гэтыя людзі нічога не рабілі благога, яны законы ніякія не парушалі, калі ішлі. Іх не разганялі – іх проста рэпрэсавалі. Адна справа, каб узялі б і разагналі, людзі б сышлі, але людзям не давалі сыходзіць, і гэта было жахліва. Гэта было на маіх вачах. Не перадаць…

— Я ведаю, што вы дапамагаеце іншагароднім сваякам палітвязняў. Перад нашай гутаркай у вас была мама Сяргея Каваленкі (гутарка адбывалася, калі Сяргей яшчэ не быў вызвалены – аўт.). Як у вас так атрымліваецца?

— Ведаеце, калі я сама прайшла праз гэты боль, гэтую немагчымасць дапамагчы… Я чалавек усе-ткі актыўны, у мяне шмат сяброў. Мне лягчэй, канечне. А потым я ўбачыла першую жанчыну, у якой таксама пасадзілі сына… Гэта была маці Славаміра Адамовіча. Славаміра пасадзілі раней, яго тады яшчэ не прызнавалі вязьнем сумлення, гэта потым прызналі. Спачатку —   Вячаслава і Юрася (Сіўчыка і Хадыку – аўт.), а ўжо потым Адамовіча, пасьля. Чамусьці гэта нейкі час замоўчвалася, нягледзячы на тое, што ён быў журналіст… І вось я бачу : такая гаротная жанчына, са стаптанымі ножкамі… Прыехаць ёй з-пад Будслава — гэта з некалькімі перасадкамі, з гэтымі клункамі, рэчамі, перадачамі… І не было дзе ёй нават спыніцца. І я яе запрасіла да сябе, пасля гэтага ёй ужо стала лягчэй, яна магла пераначаваць. А то як была яна была ўночы? Ці на вакзале, ці неяк трэба яшчэ і вяртацца, папярэдне пабегаўшы тут… Цяжка… І вось так мы з ёй пасябравалі…

Потым мы сталі зьбірацца разам. Мы былі вядомыя ў не вельмі шырокіх колах як так званы “Лэдзі Клаб”. Мы так не называемся, таму што ў нашай краіне гэта гучыць неяк прэтэнцыёзна, і ўсе пачынаюць нейкія кпіны рабіць, калі так скажаш. Але ж мы, маці і жонкі “палітычных”, зьбіраліся і разам абмяркоўвалі свае праблемы, прычым незалежна ад таго, сядзіць яшчэ нехта з нашых сваякоў зараз ці некалі сядзеў. Гэта была група маці і жонак тых, каго пераследуе рэжым. Слова “ахвяры” я не пераношу, мае дзеці таксама не лічаць сябе ахвярамі. Яны — не ахвяры. Яны проста змагары за Беларусь, за нармальную беларускую краіну, дэмакратычную, еўрапейскую.

Адна справа, калі чалавек з адвакатам размаўляе і працуе, іншая — калі ўжо праходзіў праз арышты дзяцей, перадачы, пошукі абароны, і таму можа перадаць свой вопыт, даць інфармацыю, куды са сваёй бядой можна пайсьці.

Дарэчы, калі Слава сядзеў, не было ніводнай установы, дзе б я ні была. Я грукалася паўсюль. І ў Чырвоны Крыж, але там усе страшна баяцца страціць цёплыя месцы. Яны мне крычалі, што “няма ў нас палітзьняволеных”. Я ўсё роўна ішла. І выпадкова там сустрэла людзей з міжнароднага Крыжа, і ўсё  распавяла пра Хадыку і пра Вячаслава, што яны галадаюць. Калі іх папярэджвалі, што гэта “крымінальшчыкі”, я пераконвала, што гэта “палітычныя” зьняволеныя.  Дарэчы, і зараз, хоць у Менску ёсьць прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа, мы нічога не змаглі дабіцца, таму што яны працуюць з уладамі, яны не дапамагаюць нікому. Я думаю, што іх не хваляваў лёс ні Зьмітра Буланава, які ў турме хварэў, ні Сяргея Каваленкі, які трымаў доўгую галадоўку…

(працяг будзе)

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч