Дзярждэп ЗША назваў Бяляцкага праваабаронцам года (фота)

Сёння ў Варшаве жонка зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага атрымала для яго прэстыжную прэмію Human Rights Defenders Award.

Гэтай узнагародай штогод найбольш выбітных праваабаронцаў свету ўзнагароджвае Дзярждэпартамэнт ЗША.

Прыём з нагоды ўзнагароджання Алеся Бяляцкага адбыўся ў амбасадзе ЗША ў Польшчы.

На ім прысутнічалі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы, польскія і амерыканскія дыпламаты, у тым ліку: намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і праў чалавека Томас Меліа, кіраўнік Аддзела Сярэдняй Азіі і Каўказу ва Усходнім дэпартаменце МЗС Польшчы Пётр Івашкевіч, кіраўнік Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі, кіраўнік фонду «Свабода і дэмакратыя» Томаш Пісула, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, сястра экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і лідэр грамадзянскай кампаніі Free Belarus Now Ірына Багданава, кіраўнік выбарчага штаба Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец, былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў, судырэктары Беларускага дома ў Варшаве Зміцер Бародка і Алесь Зарэмбюк, дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рымашэўская-Гузы, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, дачка былога палітвязня Зміцера Бандарэнкі Юлія і іншыя.

Амбасадар ЗША ў Варшаве Лі Фэйнстэйн, уручаючы ўзнагароду Алесю Бяляцкаму, адзначыў, што дэмакратыя і правы чалавека заставаліся і застаюцца ў цэнтры ўвагі Вашынгтона:

«У нядзелю ў Беларусі быў дзень сурка. Гаворачы дыпламатычнай мовай АБСЕ, чарговыя «выбары» не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Рэжым трымаецца на цынічных маніпуляцыях і жорсткіх рэпрэсіях, а Беларусь працягвае свой рух да самаізаляцыі. Гэты напрамак быў вызначаны ў снежні 2010 года, калі людзі, якія адважыліся кінуць выклік рэжыму, былі кінутыя ў турмы.

Адным з самых адважных змагароў за свабоду і правы чалавека быў і застаецца Алесь Бяляцкі, які стаяў каля вытокаў беларускага дэмакратычнага руху і быў заснавальнікам праваабарончага цэнтра «Вясна». Сёння, у дзень яго пяцідзесяцігоддзя мы аддаём даніну яго адвагі».

На цэрымоніі выступіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і праў чалавека Томас Меліа:

«Алесь вярнуўся ў Беларусь, ведаючы аб сваім магчымым арышце. Нешматлікія гатовыя пайсці ў турму за сваю веру ў свабоду і правы чалавека. Я пазнаёміўся з Алесем ва Уроцлаве, калі ён атрымліваў прэмію Свабоды. Тады ён сказаў: «Беларусь заўсёды была і будзе часткай Еўропы. Мы не можам дапусціць, каб у ёй правіла дыктатура. Наша арганізацыя называецца «Вясна». І гэта сімвал вяртання Беларусі ў еўрапейскую сям’ю». Прадстаўнік Дзярждэпа ЗША адзначыў, што Хілары Клінтан уважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі. «Не так даўно яна сустракалася з Наталляй Радзінай, якая прысутнічае тут, і іншымі беларускімі дысідэнтамі і ведае аб сітуацыі з беларускімі палітвязнямі», – сказаў Томас Меліа.

Выступіў таксама кіраўнік Камісіі па замежных справах Сейма Польшчы Гжэгаж Схетына:

«Сёння гэтая прэмія ўручаецца Алесю Бяляцкаму, які з’яўляецца ўвасабленнем тых, хто змагаецца за свабоду ў розных краінах і на розных кантынентах.

Калі Алесь быў арыштаваны, я пакляўся, што ніхто і ніколі больш не будзе арыштаваны з-за таго, што ў нейкага польскага чыноўніка не хапіла адказнасці або ўяўлення. Я таксама пакляўся, што польскі сейм і польскі сенат ніколі не забудуць Алеся Бяляцкага, пакуль ён у турме.

Сёння тут прысутнічае Наталля Пінчук. Яе барацьба за свабоду мужа – прыклад адвагі для ўсіх нас. Мы жадаем усяго добрага вам і вашай краіне. Жыве Беларусь!»

Амбасадар ЗША таксама зачытаў зварот дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан, у якім гаворыцца, што «на жаль, на гэтую ўзнагароду было шмат прэтэндэнтаў. Шмат адважных людзей сядзяць сёння ў турмах за тое, што змагаліся за правы чалавека. Але ёсць і шмат людзей, якія змагаюцца за тое, каб гэтыя людзі набылі свабоду.

ЗША вітаюць тых, хто змагаецца за свабоду і правы чалавека, нягледзячы на пераслед з боку ўлад. Атака на правы чалавека – гэта не проста атака на гэтых адважных людзей. Гэта атака на ўсё тое, у што мы верым. Рэпрэсіі супраць Алеся – толькі адзін з прыкладаў тых дзеянняў, якія ўтрымліваюць беларускі народ ад свабоды і росквіту. Дэспатыі не вечныя. І мы верым, што прыйдзе той дзень, калі беларусы змогуць самі вызначаць сваю будучыню».

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук падзякавала за ўзнагароду і сказала:

«Гэта вялікі гонар і вялікая падтрымка, высокая адзнака прынцыповасці Алеся ў адстойванні праў чалавека. У ліку ўзнагароджаных гэтай прэміяй – адважныя людзі з усяго свету. І мой муж заслужыў права быць сярод іх. Ён ведаў, што можа здарыцца з тым, хто змагаецца за свабоду, але не адступіў.

Сёння Алесь ў турме, дзе знішчаюць яго здароўе, але яго ўчынкі не былі марнымі.

Яму вельмі важна ведаць, што ЗША падтрымліваюць правы чалавека ў Беларусі. Гэтая прэмія – голас Амерыкі ў падтрымку Алеся і ўсіх тых, хто ахвяруе сваім здароўем, сваёй свабодай і сваімі жыццямі за свабоду Беларусі.

Мы ведаем, што праўда за намі!»

charter97.org

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Жамчужны
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Павал Шарамет
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Эдуард Лобаў