
Заўтра Ігару Аліневіч споўніцца 29 гадоў, Гэта ўжо другі дзень народзінаў, які ён сустракае за кратамі.
Тым ня менш, кажа «Свабодзе» яго маці Валянціна, днямі да іх у сям’ю на імя Ігара прыйшло запрашэньне ўзяць удзел у галасаваньні.
Паводле бацькоў і сяброў Ігара Аліневіча, іх ліставаньне з палітвязьнем вельмі ўскладненае. Ні да іх, ні да самога вязьня, не даходзяць многія лісты. (Пра тэлефанаваньні з калёніі няма і размовы).
Сёньня мы прапануем вашай увазе адзін зь нямногіх лістоў палітвязьня, які трапіў на волю. Ліст адрасаваны аднаму зь сяброў Ігара Аліневіча.
«.. Рады пачуць цябе. Ведаю, што бываеш у бацькоў, мне важна, каб яны паменш перажывалі, дзякуй табе! Што і казаць, прыемнага мала… Але камусьці ж трэба і пасядзець, чаму б і не мне? Унікальны досьвед заўсёды каштоўны, магу з упэўненасьцю сказаць, што ўсё ідзе як трэба, на карысьць.
Памятаеш, «чым цямнейшая ноч, тым хутчэйшы сьвітанак»? Затое ёсьць час на самаадукацыю, на вывучэньне бягучай сытуацыі. Я ж на волі і газэт не чытаў — так, тут. бай перачытваў. А дарэмна. Увогуле, ведай, што я тут не пакутую. Вось, нават часу на лісты толкам няма, усё ўрыўкамі. Цікава прачытаць як там у хлопцаў справы……. Хочацца верыць, што нашы агульныя сябры становяцца лепшымі, больш сур’ёзнымі, адказнымі ….
Пра ролевыя гульні людзі пішуць, што, у цэлым, заняпад. З такой эканомікай і ня дзіўна. Скажу шчыра, пасьля ўсяго, што адбылося, мяне гэтая галіна цікавіць хутчэй за ўсё як аб’ект успамінаў. Калі выйду, то разрывацца на часткі, як раней, ня буду. Час — самы каштоўны рэсурс. Ва ўсіх галінах немагчыма дасягнуць посьпеху, як ні круціся. Ды і думаць аб выдуманым, калі побач дзеецца ТАКОЕ, неяк няправільна. Часам, начытаўшыся часопісаў па фантастыцы, думаеш: кінуць усё да д’ябла, мець няпыльную працу і сысьці ў віртуал онлайнавы. Але рэальнае быцьцё ад такіх меркаванняў не пакідае каменя на камені. Турма, як нагрузкавае тэставаньне, да костак цябе прачышчае і паказвае, што ў цябе ўнутры, чаго ты хочаш і што можаш. Гэта дазваляе ўзьняцца над агульным цячэньнем уласнага жыцьця і вызначыцца, да чаго сябе прыклаьсці. Памятаеш, як у «Матрыцы» было: хтосьці пасля таблеткі змагаўся, а хтосьці захацеў назад у сыстэму. Тут усё індывідуальна. Так што жыцьцё толькі пачынаецца.
Рады за цябе, што ступіў на шлях ўпартай працы. Я сам быў у падобнай сытуацыі і гэта безумоўна добра. Па вялікім рахунку гэта і ёсьць сапраўднае адукацыя, а зусім не ВНУ….. Куртаты вольны час рэкамендую укладаць у блізкіх. Гэта заўсёды выйгрышная тактыка… Я вось шкадую, што замест такіх рэчаў стараўся яшчэ нейкіх спраў сабе накапаць. Таксама і ў здароўе ніколі ня шкодна ўкласьціся. Ня ведаю. чым займуся пасьля вызваленьня. Як раней, ужо ня выйдзе. Агляд навукова-тэхнічнага сьвету канкрэтна пашырае кругагляд. Тэрмін ідзе, а сьвет мяняецца. Ідэі барозьняць мазгі, аднак пакуль рана да чагосьці прыходзіць. Асвоіў маркетынг. Цікава калясальна. Столькі прадуманага падману і ўсё гэта сустракаецца ў паліттэхналёгіях. Але ёсьць і цалкам бяскрыўдныя канцэпцыі. У пэрспэктыве хачу вывучыць невэрбальныя зносіны (Алан Піз, Пол Экман)…
Вакол нас многія людзі праяўляюць шчырую салідарнасьць. На жаль, на высокім узроўні ўсё вырашае прагматызм і падвоеныя стандарты. Але там будзе бачна. Жадаю ўдачы! Калі-небудзь ўбачымся…”
svaboda.org