
Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў нагляднай скаргі праваабаронцы, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Гэта была апошняя магчымасць Бяляцкага абскардзіць свой прысуд у нацыянальных інстанцыях, паведаміў ягоны калега Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч атрымаў ліст ад Бяляцкага, у якім ён піша, што скарга ў Вярхоўным судзе разгледжаная з правяраннем крымінальнай справы. «У адказе гаворыцца: «Доказы асуджанага аб незаконнасці і неабгрунтаванасці судовых рашэнняў пры вывучэнні справы не пацвердзіліся. Суд у адпаведнасці з арт. 18 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ забяспечыў усебаковае і аб’ектыўнае даследаванне акалічнасцяў справы, адпаведную юрыдычную ацэнку сабраным доказам і абгрунтавана прызнаў іх дастатковымі для ўстанаўлення вінаватасці Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча ва ўчыненні злачынства, за якое ён быў асуджаны. Прызначанае Бяляцкаму А. В. пакаранне ёсць справядлівым», – паведаміў Стэфановіч.
Справа Бяляцкага выходзіць на міжнародны ўзровень
Цяпер выкарыстаныя ўсе магчымасці для абскарджання выраку ў нацыянальных судах, і яго можна абскардзіць у міжнародных інстанцыях.
Скарга Бяляцкага была зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН. У звароце абскарджваюцца парушэнні Беларуссю правоў, гарантаваных міжнароднымі дамовамі, падпісанымі і ратыфікаванымі Беларуссю, і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Камітэт правоў чалавека ААН афіцыйна прыняў да разгляду скаргу ад імя Бяляцкага і 19 чэрвеня 2012 г. накіраваў яе дзяржаве, якая павінна падаць інфармацыю або свае пярэчанні цягам шасці месяцаў, гэта значыць да канца гэтага года.
belsat.eu