Сяргей Каваленка атрымаў мэдычную бандэроль са спазьненьнем на тыдзень

Палітвязьня Сяргея Каваленку ўжо болей за два тыдні трымаюць ў мэдычнай частцы калёніі і пры гэтым не называюць яму дыягназу. «Дыягназ, з-за якога яго там трымаюць, яму не кажуць. Пра здароўе сказаў, што часта і даволі моцна баліць галава», — паведаміла пра Сяргея яго жонка Алена са спасылкай на атрыманы ліст. Алена Каваленка зьдзіўляецца таму, што ў такім стане яе мужу не сьпяшаліся перадаваць бандэроль з лекамі.

«Цікавая рэч, што мэдычную бандэроль ён атрымаў толькі цяпер, хаця я выслала яе яшчэ тыдзень таму. Цікава, навошта яе прытрымлівалі? Хіба ім невядома, што зараз праз інтэрнэт можна сачыць за паштовымі адпраўленьнямі. Бандэроль была яшчэ ў той чацьвер ў калёніі, гэта я дакладна ведаю. Але перадалі яму толькі сёньня і адны лекі гэтак і не перадалі».

Таксама Сяргей Каваленка паскардзіўся на перабоі ў ліставаньні са сваякамі і сябрамі. Шмат лістоў да палітвязьня і ад яго не даходзяць.

Актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка адбывае год і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця хатняй хіміі, якую ён атрымаў пасьля вывешваньня нацыянальнага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Трымаюць палітвязьня ў Магілёўскай калёніі.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Парфянкоў
  • Яна Палякова
  • Анатоль Букас
  • Аксана Новікава