Алена Каваленка: Імкнуцца максімальна падарваць рэшткі здароўя Сяргея

Палітычны зняволены, сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка працягвае знаходзіцца ў медычнай частцы калоніі №19 у Магілёве. Па словах яго жонкі Алены Каваленкі, у медчастку ён трапіў са штрафнога ізалятару. Але пасля пераводу з ШЫЗА яго яшчэ 7 сутак трымалі ў памяшканні камернага тыпу на тэрыторыі медчасткі.

Пра гэта палітзняволены піша ў сваім лісце да жонкі. Таксама з ім у калоніі сустрэўся адвакат. Хаця пра дакладны дыягназ мужа Алена Каваленка не ведае.

– У асноўным ён сёння скардзіцца толькі на галаўныя болі. Ён не ведае свой дыягназ, яму не казалі. Пагаршэнне здароўя, галаўныя болі – гэта, канешне, наступствы галадоўкі. Раней у яго не было галаўных боляў. І не было праблем з унутранымі органамі, ён заўжды займаўся спортам, вёў здаровы лад жыцця. Зразумела, што ўтрыманне ў ШЫЗА, дзе ўмовы вельмі кепскія, не дадае яму здароўя. Гэта наўмысна робіцца, каб максімальна падарваць рэшткі здароўя, якія ў яго засталіся.

Медычную бандэроль, якую Алена Каваленка даўно даслала мужу, перадалі яму толькі ў самым канцы жніўня, літаральна перад прыездам адваката. Таксама да Сяргея Каваленкі амаль не даходзіць карэспандэнцыя з волі.

Раней палітзняволены напісаў кароткі зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі с просьбай вызваліць яго. Ніякага адказу на гэты ліст няма.

У 2010 годзе Каваленка быў прысуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за тое, што ўзняў бела-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Потым, нібыта за парушэнне гэтага пакарання, яго асудзілі на 2 гады і 1 месяц зняволення.
Пасля арышту ён правёў беспрэцэдэнтна працяглую галадоўку.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Сурапін
  • Яраслаў Грышчэня
  • Мікола Астрэйка
  • Віктар Івашкевіч
  • Андрэй Абозаў