Да Васьковіча не пускаюць адваката, лісты да яго не даходзяць

Ад палітвязня Яўгена Васьковіча ўжо доўгі час няма звестак. Пасля безвыніковых спроб адваката патрапіць да яго ў турму, дэмакрытычныя актывісты з Бабруйска заказной карэспандэнцыяй даслалі Яўгену паштоўкі. Аднак, па словах каардынатаркі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі па Магілёўскай вобласці Таісіі Кабанчук, атрымалі даволі дзіўны адказ:

– Пасля гэтых паведамленняў, што не пускаюць адваката, мы даслалі паштоўкі. Паштоўка вяртаецца, на ёй напісана, што адрасата няма дома. Што гэта значыць? Паводле такога адказу можна зразумець, што ён увогуле знік і яго няма.

Пасля адмовы Яўгена Васьковіча двойчы напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, на яго ўзмацніўся ціск з боку турэмнай адміністрацыі. Палітвязня тройчы спрабаў наведаць ягоны адвакат, але не здолеў зрабіць гэта, бо, па словах супрацоўнікаў калоніі, Яўген адмовіўся ад сутрэчы са сваім абаронцам. Таксама сябры і знаёмыя Яўгена доўгі час не атрымліваюць ад яго лістоў. БХД расцэньвае гэтыя факты як тое, што адміністрацыя хоча зламаць Яўгена Васьковіча фізічна ці маральна і змусіць яго падпісаць прашэнне аб памілаванні.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яраслаў Грышчэня
  • Сяргей Башарымаў
  • Міхаіл Пашкевіч